БЕЛ Ł РУС

У Расіі пачалі прадаваць беларускія планшэты, падазрона падобныя да кітайскіх

24.12.2025 / 23:0

Nashaniva.com

У Расіі пачалі прадаваць беларускія планшэты. Аднак пра гэта паведамілі не ў холдынгу «Гарызонт», які і выпусціў навінку на рынак, а ў сетцы крам «М. Відэа», заўважыла «Салідарнасць».

Фота: Tochka.by

Купіць можна адну з чатырох мадэляў: базавую H-Tab 1 за 15 999 расійскіх рублёў (каля 575 беларускіх), H-Tab 1+ з палепшанай выявай і вялікім аб'ёмам памяці — ад 17 599 рублёў (645 беларускіх). Флагман H-Tab 1 Pro, «разлічаны на шматзадачныя сцэнарыі» — ад 23 699 рублёў (870 беларускіх) і H-Tab 1 Shield, удараўстойлівы, прызначаны для працяглай аўтаномнай працы — 33 899 рублёў (крыху больш за 1 240 беларускіх).

Падкрэсліваецца, што старт продажаў «стаў працягам развіцця супрацоўніцтва з беларускімі вытворцамі, якое рэалізуецца ў рамках Мемарандума аб стратэгічным супрацоўніцтве», падпісанага ў маі 2025 года пры падтрымцы Аляксандра Лукашэнкі і ўрадаў Беларусі і Расіі.

Акрамя таго, з 20 снежня планшэты ад «Гарызонта» прадаюцца і ў беларускіх анлайн-крамах — мала таго, што без рэкламнай кампаніі, дык яшчэ і адразу са зніжкамі ў 20%.

І калі прыгледзецца да мадэляў больш уважліва, можна здагадацца, чаму так. H-Tab 1 Shield, «арыентаваны на выкарыстанне ў паездках або палявых умовах», вонкава і па тэхнічных характарыстыках — поўная копія кітайскага планшэта Hotwav R7.

Планшэт ад «Гарызонта» і кітайскі Hotwav. Фота з інтэрнэт-крам

Астатнія «беларускія» планшэты падазрона падобныя па дызайне на Folg Tab 11, але незразумела чыёй вытворчасці (нават на сайце вытворцы краіна паходжання гаджэта не пазначаная). А базавая мадэль H-Tab 1 па дызайне нагадвае гібрыд TechLife Pad Neo і Huawei MatePad Pro.

Пра запуск вытворчасці беларускіх планшэтаў «Гарызонт» абвясціў летам гэтага года. На 2026 год у планах прадпрыемства — падвоіць вытворчасць і выпусціць больш за 4 мільёны адзінак тэхнікі, уключаючы дробную і буйную бытавую.

Чытайце таксама:

«Гарызонт» пачынае серыйную вытворчасць беларускіх планшэтаў

«Гарызонт» будзе выпускаць беларускія планшэты

«Поўны фарш, а цана як у пустой Tesla». Чым (не) задаволеныя ўладальнікі кітайскіх электрамабіляў

Каментары да артыкула