У Чарнігаве расійскі дрон разбурыў пяціпавярховік у дзень Каляд, загінула жанчына
Расійская армія працягнула тэрор украінскіх гарадоў нават у святочныя дні. У Чарнігаве ў выніку ўдару беспілотніка па жылым доме загінула жанчына, яшчэ восем чалавек атрымалі раненні.
Трагедыя адбылася ўдзень 25 снежня. БпЛА трапіў у звычайны пяціпавярховік. На месцы ўдару ўспыхнуў пажар. Ратавальнікі здолелі вызваліць з-пад завалаў чатырох жыхароў і эвакуяваць яшчэ дзевяць чалавек. Жыццё 80‑гадовай жанчыны выратаваць не ўдалося.
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі паведаміў, што ўдар па Чарнігаве адбыўся фактычна ў той час, калі ён праводзіў тэлефонную размову з Усяленскім Патрыярхам Варфаламеем.
«Мы маем справу з варварамі, якія, зрэшты, і ў Бога не вераць. Менавіта такой Расія стала, і зусім гэтага не саромеецца. Наадварот, сваю прагу да забойстваў яны там намагаюцца зрабіць асновай нацыянальнага гонару», — сказаў Зяленскі.