БЕЛ Ł РУС

Беларусы адпачылі зімой шэсць дзён у санаторыі прэміум-класа. Колькі заплацілі?

25.12.2025 / 22:10

Nashaniva.com

Бабруйчанін Аляксандр з жонкай выбралі для адпачынку санаторый «Веста» ў Мінскай вобласці. Што спадабалася і ці апраўдаў сябе кошт, даведаўся MYFIN.

«На дваіх працэдуры каштавалі дадатковыя 1000 рублёў»

— Мы шмат гадоў любім адпачываць толькі ў Беларусі. Прываблівае і клімат, і сэрвіс, і тое, што навокал усё роднае. У Егіпце і Турцыі таксама былі, але не сказаць, каб вельмі хацелася туды яшчэ вярнуцца. У пошуках балансу паміж коштам і якасцю спыніліся на санаторыі «Веста», выбралі пуцёўку фармату «лайт».

У пакет не ўваходзіла профільнае лячэнне, але для якаснай перазагрузкі хапала іншага: аквазона з саўнамі, спартыўная і трэнажорная залы, кансультацыя доктара і штодзённыя прыемныя бонусы накшталт ароматэрапіі і кіслародных кактэйляў.

— Галоўнае ўражанне — гэта кухня. Харчаванне трохразовае па прынцыпе «шведскі стол», яшчэ быў падвячорак з ёгуртамі і садавіной. Шчыра скажу: гэты шведскі стол не саступаў добрым рэстаранам. Заўсёды быў выбар сыроў, у тым ліку з цвіллю, мідыі, кальмары і кошычкі з крэветкамі. На абед — рыба і мяса (ялавічына, свініна, кураціна, печань). Багацце садавіны — ад звыклых апельсінаў да ананасаў, хурмы і вінаграду. Добры выбар смачнай выпечкі.

Нават калі сужэнцы прыходзілі ў канцы абеду ці вячэры, ежы заўсёды хапала, пастаянна нешта мянялі і падносілі.

Хоць і бралі пуцёўку без лячэння, усё ж вырашылі дакупіць медыцынскія паслугі асобна.

— Цэны розныя, ад дэмакратычных да прыстойных: масаж адной зоны (15 хвілін) і вуглякіслыя ванны — па 20 рублёў, электраампліпульс — 10 рублёў. Самым дарагім задавальненнем аказалася электрамагнітнае крэсла — 60 рублёў за паўгадзіны. Па вялікім рахунку, можна было замест яго ўзяць тры іншыя працэдуры, хоць нам спадабалася. У выніку на дваіх працэдуры каштавалі дадатковыя 1000 рублёў.

«Санаторый забіты «пад завязку»

На тэрыторыі санаторыя размешчаны два возеры, тэрэнкур і адкрыты басейн. Аляксандр з жонкай праходзілі не менш за 15 000 крокаў у дзень і смяюцца, што гэта дапамагло не прывезці лішнія кілаграмы пасля шчодрага харчавання.

— Возера яшчэ не замерзла, лебедзі з качкамі на ўсю моц плаваюць — прыгажосць, вока адпачывае. Але нам сказалі, што, як толькі снег ляжа, тут наогул іншае жыццё пачнецца: і лыжы, і ватрушкі, горку падрыхтуюць. На вуліцы каля горкі ёсць кавярня, будуць гарачы глінтвейн разліваць. Думалі, будзе нудна па вечарах, але сумаваць не давалі: то саксафаніст у бары выступаў, то кавер-гурт, то гітарыст. Для тых, хто любіць забавы больш актыўныя, ёсць караоке, боўлінг і більярд.

Нумарам госці таксама засталіся задаволеныя. Прыбіралі добра, штодня прыносілі пітную ваду.

Такім чынам шэсць дзён абышліся ім у снежні ў 1040 рублёў на чалавека без працэдур альбо агулам за ўсё за дваіх 3080 рублёў.

— Вядома, не сказаць, што адпачынак абышоўся танна, але кошт, на наш погляд, цалкам апраўданы. Пры гэтым у санаторыі поўная загрузка, нам падалося, што забіты «пад завязку».

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула