БЕЛ Ł РУС

У Беларусі знік з продажу крытычна важны лекавы сродак для людзей з біпалярным разладам

26.12.2025 / 21:31

Nashaniva.com

Людзі з рэцэптам прыходзяць па прэпарат — і сыходзяць з пустымі рукамі.

У пачатку снежня з беларускіх аптэк знік літый. Не «стаў радзей сустракацца», не «прадаецца па талонах», а проста знік. Пры гэтым прэпарат фармальна зарэгістраваны, ліцэнзія дзейнічае, лекары могуць працягваць яго прызначаць, пішуць «Белыя халаты».

Паводле слоў спецыялістаў, у стацыянарах, магчыма, яшчэ засталіся нейкія запасы, але амбулаторныя пацыенты (тыя, хто пасля візіту да лекара павінен самастойна купіць лекі ў аптэцы) зрабіць гэтага не могуць.

Ніякіх афіцыйных паведамленняў ад Міністэрства аховы здароўя або «Белфармацыі» не было. Інфармацыя прыйшла па нефармальных каналах.

Высветлілася, дакументы на пастаўку былі аформлены «неяк не так». Праз гэта чарговая партыя прэпарата, вырабленага ў Расіі, не паступіла ў аптэкі. Калі яна з'явіцца — невядома.

У Беларусі літый прадаецца ў таблетках у форме карбанату пад гандлёвай назвай «Седаліт». Ніякіх альтэрнатыўных формаў або іншых пастаўшчыкоў, фактычна, няма. Менавіта «Седаліт» стаў недаступным. Да 2022 года ў краіне быў яшчэ літый айчыннай вытворчасці пад назвай «Літацэл», але з таго часу рэгістрацыя не абнаўлялася і вытворца яго больш не выпускае.

Літый быў і застаецца прэпаратам першай лініі для лячэння біпалярнага разладу. Ён стаіць на першым месцы ў беларускім клінічным пратаколе ў раздзелах лячэння маніякальнага эпізоду і прафілактыкі БАР. Літый уваходзіць у першую лінію і ў міжнародных рэкамендацыях на ўсіх этапах разладу.

Паводле звестак САЗ, з біпалярным разладам жывуць каля 0,5% насельніцтва. У Беларусі гэта прыкладна 45 тысяч чалавек. Вядома, літый прызначаюць не ўсім. Але для многіх пацыентаў менавіта літый з'яўляецца ключавым элементам тэрапіі.

У людзей з БАР рызыка суіцыду ў 10—20 разоў вышэйшая, чым у агульнай папуляцыі, і менавіта стабільны прыём літыю дазваляе знізіць гэтыя рызыкі. А вось рэзкае спыненне прыёму імавернасць суіцыду павялічвае.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула