Ругінене: Літва гатова разгледзець запыт ЗША аднавіць транзіт беларускіх угнаенняў, калі ён будзе
Пасля таго як ЗША пастанавілі скасаваць санкцыі супраць беларускіх калійных угнаенняў, прэм'ер-міністарка Інга Ругінене заявіла, што Літва не адчувала ціску з боку супольнікаў наконт аднаўлення транзіту. Тым не менш, кіраўніца ўрада не выключае, што ў выпадку атрымання такой просьбы яна можа быць разгледжана, піша ELTA.
«Да нас не паступала ніякай просьбы разгледзець аднаўленне транзіту праз Літву, але калі такая просьба будзе — мы яе разгледзім. Калі гэты крок будзе зроблены, тады мы зможам ацэньваць і гаварыць. Зараз пра гэта нават няма гаворкі», — заявіла прэм'ер-міністарка.
Кіраўніца ўрада падкрэсліла, што дачыненні Літвы з ЗША застаюцца добрымі, а дыпламатычная падтрымка ЗША ў вырашэнні гібрыднай атакі, якую Беларусь праводзіць супраць Літвы, — надзвычай важная.
«Мы не павінны забываць, што пры разглядзе дыпламатычных пытанняў у нас ёсць канкрэтны супольнік. У гэтым выпадку, калі казаць пра Беларусь, мы маем амерыканцаў», — сказала яна.
Ругінене дадала, што ў цяперашняй сітуацыі вельмі важна ўзмацняць барацьбу з кантрабандай і забяспечыць як мага больш эфектыўнае яе спыненне.
«За гэты перыяд, змяніўшы мноства алгарытмаў і выбудаваўшы пэўную паслядоўнасць дзеянняў, мы бачым, што барацьба з кантрабандай разгарнулася няблага. Ад звычайных канфіскацый да нядаўняй значнай аперацыі, падчас якой было затрымана шмат людзей і канфіскаваная маёмасць», — сказала прэм'ерка.
«Гэтыя дзеянні прадаўжаюцца. Мы рук не апусцім і яшчэ больш актывізуем барацьбу з кантрабандай», — дадала яна.