БЕЛ Ł РУС

П'яныя расійскія вайскоўцы жорстка расправіліся з сям'ёй з Пакроўска, якая чакала «вызвалення» ад Украіны

27.12.2025 / 17:34

Nashaniva.com

Жанчына расказала паліцыі, што вайскоўцы забілі ейнага мужа, а пасля па чарзе згвалцілі яе.

Вікторыя Швайко ў следчага. Скрыншот відэа

Жыхарка Пакроўска Вікторыя Швайко расказала, што ўночы 23 снежня ў яе дом уварваліся трое п'яных расійскіх вайскоўцаў. Відэа яе сведчанняў следчаму апублікавалі тэлеграм-каналы.

Жанчына расказвае, што тыя вайскоўцы былі з 30‑й асобнай мотастралковай брыгады 2‑й гвардзейскай агульнавайсковай арміі. Іх пазыўныя —  «Усмешка», «Строй» і «Шухер».

Вайскоўцы сталі страляць у доме, здзекавацца з мужа жанчыны, стралялі ў яго над галавой і па нагах, збівалі прыкладамі і нагамі.

«Потым «Шухер» узяў, стрэліў у галаву. Яшчэ стаялі, разглядалі, каментавалі. Вока вылезла. Потым «Усмешка» ўзяў зрабіў яшчэ адзін кантрольны ў галаву. Навошта, я наогул не ведаю, было здзекавацца далей? І ў сэрца», — расказвае жанчына ў відэа.

Пасля вайскоўцы зацягнулі Вікторыю ў спальню і гвалтавалі яе па чарзе, пагражалі забойствам.

«Калі я зараз пачну супраціўляцца, яны мяне проста застрэляць. Мне трэба было выжыць дзеля дачкі, бо яна ў нас адна, яна не вытрымала б смерць і таты, і мамы», — кажа жанчына.

Свякрусе, якая таксама жыла ў тым доме і якую салдаты хацелі забіць, удалося ўцячы і папярэдзіць суседзяў.

Вікторыя маліла вайскоўцаў спыніцца і не падпальваць дом. Жанчына кажа, што яе муж чакаў Расію.

«Ён так чакаў Расію. (…) Ён кажа: я пайду нават ваяваць, кіроўцам пайду, патрэбныя кіроўцы».

Вайскоўцы яе не слухалі і падпалілі дом.

Пазней салдат з пазыўным «Усмешка» працверазеў і стаў перад жанчынай на калені, папрасіў прабачэння і перадаў банкаўскую карту, каб адкупіцца.

Расія спрабуе захапіць Пакроўск апошнія паўтара года. Украінскія войскі пакуль утрымліваюць паўночныя кварталы горада.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула