БЕЛ Ł РУС

Мінчанка двойчы ўдарыла сяброўку нажом

29.12.2025 / 14:35

Nashaniva.com

32‑гадовая жанчына жыла ў кватэры на вул. лейтэнанта Кіжаватава з 19‑гадовай сяброўкай. Аднойчы гаспадыня гатавала на кухні ежу, калі ў іх з выпіўшай сяброўкай здарыўся канфлікт, пішуць Мінск-навіны.

Дзяўчына на эмоцыях стала скідаць усё са стала, запусціла ў жанчыну талеркай — посуд трапіў у шафу і разбіўся. Пасля падышла да прыяцельцы і стала біць яе рукамі па спіне.

Жанчына раптам павярнулася і ўдарыла сяброўку нажом у жывот, а пасля і ў спіну. Убачыўшы кроў, яна спалохалася і пачала аказваць ёй першую медыцынскую дапамогу, аднак хуткую не выклікала. Раніцай стан пацярпелай стаў пагаршацца.

Першапачаткова сяброўкі планавалі паехаць у траўмапункт на таксі, але пасля ўсё ж выклікалі брыгаду хуткай дапамогі. Дзяўчыну адвезлі ў бальніцу, дзе экстранна прааперавалі.

Паводле заключэння эксперта, ёй было прычынена цяжкае цялеснае пашкоджанне.

У дачыненні да мінчанкі распачалі крымінальную справу. Віну яна прызнала часткова — настойвала, што пацярпелая нібыта сама напаролася на нож, у зробленым раскаялася. 

Суд прызнаў яе вінаватай у наўмысным прычыненні цяжкага цялеснага пашкоджання, гэта значыць пашкоджання, небяспечнага для жыцця, і прызначыў пакаранне два з паловай гады хатняй хіміі.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула