БЕЛ Ł РУС

Васкрасенскі: Азотныя ўгнаенні і санкцыі ў адносінах фіз— і юрасобаў — і 1135 палітвязняў будуць у Вільні

29.12.2025 / 23:20

Nashaniva.com

У размове з Леанідам Судаленкам Васкрасенкі назваў тую ўмову, нібыта толькі пры выкананні якой Лукашэнка гатовы будзе выпусціць усіх палітвязняў. Папярэдні раз ён патрабаваў адкрыць паветраную прастору ў абмен на Бяляцкага, але Алесь на свабодзе і без гэтай саступкі. А яшчэ раней ён увогуле ўпэўнена прарочыў, што Бяляцкі, Бабарыка, Знак, Калеснікава і іншыя выйдуць на свабоду апошнімі — і ніяк іначай.

Юрый Васкрасенскі. Скрыншот з відэа АНТ

Васкрасенскі выказаў задавальненне, што нібыта «ўсе тыя рэцэпты, на якія я намякаў, былі выкарыстаныя амерыканскім бокам, і яны прынеслі вынік». А цяпер, «значыць, трэба рухацца, каб былі вынікі па іншых небараках».

Глабальна, маўляў, паправіць нічога нельга, «пакуль ідзе вайна», але «давайце зараз зоймемся вызваленнем вашых пабрацімаў, якія і так з-за вас колькі гадоў сядзяць, з-за вашай абсалютна дурной пазіцыі».

Пасля таго ён прапанаваў

«варыянт, звязаны ўжо з прапрацоўкай кейса з азотнымі менавіта ўгнаеннямі. Хай гэта будзе амерыканскі трэйдар, які гэтым дурням-еўрапейцам у тры разы даражэй прадае».

Другім жа момантам назваў «зняцце санкцый з юрыдычных і фізічных асоб».

Пасля таго ж ён паабяцаў, што «можа, мы тады хутчэй да гэтага другога этапу, больш глабальнага, пяройдзем». Бо, маўляў, «стратэгія ўзаемадзеяння — яна лепшая, чым стратэгія ізаляцыянізму і эскалацыі. Каб узаемадзейнічаць, трэба мець зносіны».

Такім чынам, як падсумоўвае Юрый Васкрасенскі:

«Азотнае ўгнаенне і санкцыі ў дачыненні да фізікаў і юрыкаў. І гэтыя 1135 будуць у вас у Вільні».

Чаго вартыя гэтыя разважанні прапагандыста без ніякага рэальнага ўплыву на прыняцце хоць бы якіх рашэнняў, можна меркаваць з таго, наколькі спраўдзіліся прагнозы Васкрасенскага, выказаныя ім падчас папярэдніх размоў з Судаленкам. Так, 8 ліпеня 2025 года ён казаў сярод іншага: 

«Дайце плюшку. Адкрыйце неба для беларусаў. Дайце дазвол на правоз калію. […] Адкрываецца неба — і Алесь Бяляцкі адразу выходзіць».

Як вядома, неба дагэтуль не адкрытае, і пытанне правозу калію праз тэрыторыю Літвы ці Латвіі таксама пакуль не вырашана. Але Алесь Бяляцкі і шэраг іншых ключавых палітвязняў з 13 снежня на волі.

Нягледзячы на тое, што яшчэ раней, 2 кастрычніка 2024 года, Васкрасенскі ўпэўнена прарочыў зусім іншае:

«Глядзіце, Бяляцкі і ўсе астатнія такога ж калібру — Бабарыка, Знак, Калеснікава… Зразумела, што тут фігура Бяляцкага самая магутная. Але для беларускай улады людзі такога калібру пойдуць у апошняй чарзе, у самай апошняй».

Чытайце таксама:

Васкрасенскі пакаяўся, што быў у камандзе Бабарыкі: Я быў адурманены, як і ўвесь беларускі народ

Васкрасенскі: Адкрываецца неба — і Алесь Бяляцкі адразу выходзіць

Васкрасенскі: Трэба, каб Сікорскі прывёз падарунак Лукашэнку. А Бяляцкі і 20 завадатараў выйдуць апошнімі

Каментары да артыкула