БЕЛ Ł РУС

ЗША ў гэтым месяцы нанеслі ўдар па партовым аб’екце на тэрыторыі Венесуэлы

30.12.2025 / 8:12

Nashaniva.com

Беспілотнік ЦРУ нанёс удар па прычале на ўзбярэжжы Венесуэлы, паведамілі CNN крыніцы, знаёмыя з сітуацыяй. Гэта стаў першы выпадак, калі ЗША атакавалі цэль на тэрыторыі гэтай краіны.

Фота: Jesus Vargas / Getty Images

Як удакладнілі суразмоўцы CNN, амерыканскі ўрад атрымаў звесткі, што прычал выкарыстоўваўся групоўкай Tren de Aragua для захоўвання наркотыкаў і іх перагрузкі на судны для далейшай адпраўкі. У момант удару на аб’екце нікога не было, таму пацярпелых няма, сцвярджаюць крыніцы тэлеканала.

На мінулым тыдні прэзідэнт ЗША Дональд Трамп, імаверна, згадаў менавіта гэтую аперацыю ў адным з інтэрв’ю. 26 снежня ён заявіў, што ЗША знішчылі нейкі «буйны аб’ект, адкуль прыбываюць караблі».

У панядзелак, калі Трампа зноў спыталі пра гэта, ён сказаў, што ЗША здзейснілі атаку «ў раёне докаў, дзе загружаюць судны наркотыкамі». Аднак ён адмовіўся каментаваць, ці была атака здзейснена вайскоўцамі ці ЦРУ.

За апошні час ЗША знішчылі больш за 30 суднаў у Карыбскім моры і ва ўсходняй частцы Ціхага акіяна, тлумачачы гэта кампаніяй па барацьбе з наркатрафікам.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула