БЕЛ Ł РУС

Расія з-за зніжак Кітаю і Індыі прадае нафту са стратамі

30.12.2025 / 23:12

Nashaniva.com

Расія пачала прадаваць нафту з вялікімі зніжкамі для Кітая і Індыі, у выніку чаго здабыча для некаторых кампаній стала стратнай, паведамляе Reuters.

Здымак ілюстрацыйны. Фота: «Наша Ніва»

Паводле сведчанняў аналітыкаў, цана расійскай Urals на мінулым тыдні апускалася да $33—34 за барэль у балтыйскіх і чарнаморскіх партах — найніжэй за час пандэміі, а дысконт да Brent склаў $27 за барэль. Некаторыя пастаўкі для кітайскіх НПЗ прадаваліся са зніжкай $35 за барэль, фактычна за паўцаны.

Як вынік, нафтавая прамысловасць апынулася на мяжы рэнтабельнасці, і некаторыя праекты ўжо працуюць у мінус. Аднак радовішчы, на якія дзейнічае льготная стаўка падатку на здабычу карысных выкапняў, застаюцца прыбытковымі. Прыбытковасць залежыць таксама ад геаграфічнага размяшчэння і складанасці здабычы: радовішчы з вялікімі запасамі і блізка да трубаправодаў вытрымліваюць, а аддаленыя і складаныя радовішчы нясуць страты да $5 за барэль.

У цэлым нафтавая галіна застаецца ў плюсе, але прыбытак вельмі малы: каля $3 за барэль застаецца на інвестыцыі ў будучую здабычу, бурэнне і падтрымку радовішчаў. Санкцыі, якія пазбавілі кампаніі доступу да заходняга абсталявання, пагаршаюць крызіс.

У першым паўгоддзі 2025 года прыбытак «Раснафты» скараціўся ў тры разы, «Лукойла» — у два, «Газпрам нафты» — на 54%, а «Сургутнафтагаз» стаў стратным. Нафтагазавыя даходы бюджэту за студзень—лістапад скараціліся на 21%, а ў снежні, па разліках Reuters, будуць найніжэйшыя са жніўня 2020 года.

Расійскі бюджэт 2026 года складалі пры ўмове, што Urals будзе каштаваць $56 за барэль, але фактычна цана ніжэйшая на траціну, што пагражае вялікім недаборам нафтагазавых даходаў у студзені.

Чытайце таксама:

У Беларусі здабылі рэкордны аб’ём нафты

Цана расійскай нафты ўпала да рэкордна нізкіх $34 за бараль

Еўрасаюз ухваліў адмову ад расійскага газу. На чарзе — нафтавае эмбарга

Каментары да артыкула