БЕЛ Ł РУС

З 1 студзеня ў Грузію не пусцяць без страхоўкі

31.12.2025 / 8:11

Nashaniva.com

Новае правіла будзе дзейнічаць для ўсіх без выключэння — турыстаў, тых, хто едзе па справах, а таксама транзітных пасажыраў.

Грузія з 1 студзеня 2026 года ўводзіць абавязковае страхаванне для ўсіх замежных грамадзян, якія ўязджаюць у краіну. Пра гэта паведамілі ў пасольстве Беларусі ў Тбілісі.

Новае правіла будзе дзейнічаць для ўсіх без выключэння — турыстаў, тых, хто едзе па справах, а таксама транзітных пасажыраў. Кожны замежнік павінен мець аформлены медыцынскі страхавы поліс і страхаванне ад няшчасных выпадкаў на ўвесь тэрмін знаходжання ў краіне — з моманту ўезду да выезду.

Страхоўку можна аформіць як у грузінскіх, так і ў замежных кампаніях яшчэ да паездкі. Галоўная ўмова — поліс павінен дзейнічаць на тэрыторыі Грузіі.

Мінімальнае медыцынскае пакрыццё павінна складаць не менш за 30 тысяч лары (гэта каля 10 тысяч еўра). Таксама страхоўка павінна ўключаць экстранную медыцынскую дапамогу, эвакуацыю і рэпатрыяцыю.

У пасольстве раяць захоўваць поліс адразу ў двух варыянтах — электронным і папяровым. Дакумент павінен быць аформлены на англійскай або грузінскай мове.

Пры адсутнасці страхоўкі замежнікам могуць адмовіць ва ўездзе — як у аэрапортах, так і на наземных пунктах пропуску.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула