Сярод «экстрэмістаў», якіх Лукашэнка памілаваў пад Новы год, ёсць і хатнія хімікі
Такіх людзей па азначэнні няма ў спісе палітвязняў, бо яны і так жывуць дома.
Фота LookByMedia
30 снежня 2025 года Аляксандр Лукашэнка памілаваў 20 чалавек, «асуджаных за злачынствы экстрэмісцкай накіраванасці». Імёны гэтых палітвязняў традыцыйна не называюцца.
Але ці скароціцца колькасць палітвязняў аўтаматычна на 20 чалавек? Не.
«Нашай Ніве» стала вядома пра адну з памілаваных. Гэта жанчына, якая знаходзіцца на хатняй хіміі. Прычым яе тэрмін павінен быў і так скончыцца ў найбліжэйшы час.
Па метадалогіі праваабаронцаў у лік палітвязняў не ўключаюцца тыя, хто знаходзяцца на хатняй хіміі. Так, яны таксама ахвяры палітычнага пераследу, але іх неадкладнае вызваленне з-пад варты не патрабуецца, бо людзі і так знаходзяцца дома.
У лік «1300 палітвязняў», пра якіх пісаў Дональд Трамп (па падліках «Вясны», зараз у зняволенні знаходзіцца 1131 палітвязень) хатнія хімікі не ўваходзяць.
Тым не менш Аляксандр Лукашэнка далучае іх у спісы памілаваных, дэманструючы «акты гуманізму», але не змяншаючы рэальную колькасць палітвязняў.