БЕЛ Ł РУС

У Гомелі пара зарэгістравала свой шлюб у касцюмах Дзеда Мароза і Снягуркі

31.12.2025 / 18:19

Nashaniva.com

У Гомелі напярэдадні святкавання Новага года адбылася незвычайная рэгістрацыя шлюбу: Станіслаў і Марына прыйшлі ў ЗАГС у касцюмах Дзеда Мароза і Снягуркі, піша БелТА.

Фота: аддзел ЗАГС Навабеліцкага раёна Гомеля

Маладыя вырашылі зрабіць 31 снежня асаблівай датай, каб у 2026 год увайсці сапраўднай сям’ёй. Цырымонія прайшла ў ЗАГСе Навабеліцкага раёна Гомеля, сама ж гісторыя адносін хлопца і дзяўчыны была не менш казачнай.

Станіслаў і Марына пазнаёміліся ў інтэрнэце: хлопец з Гомеля лайкнуў фота дзяўчыны з Петрыкава на сайце знаёмстваў, пасля чаго ў іх пачаліся перапіска і рэгулярная камунікацыя. Нягледзячы на амаль дзвесце кіламетраў паміж гарадамі, хлопец і дзяўчына адчулі, што блізкія адно аднаму.

Першая сустрэча адбылася ў Гомелі год таму, таксама перад Новым годам: Станіслаў сустрэў Марыну на вакзале, яны прагуляліся па Навабеліцкім раёне. Хлопец падарыў дзяўчыне салодкія пачастункі ад Дзеда Мароза і нават расставіў палатку ў сваёй кватэры — жартоўна і ўрачыста адначасова.

Фота з асабістага архіва герояў

Тады 31 снежня Станіслаў прапанаваў Марыне стаць ягонай дзяўчынай, а праз паўгода яна пераехала ў Гомель. Цяпер жа яны аформілі адносіны афіцыйна.

Для святочнай рэгістрацыі пара абрала арыгінальныя касцюмы: у Станіслава — чырвонае футра да падлогі, у Марыны — далікатная блакітная шубка са сняжынкамі. Нават надвор’е адгукнулася на іх пачуцці — снег прыгожа пакрыў горад.

Прапанову рукі і сэрца Станіслаў зрабіў на мастку каля возера ў Навабеліцкім раёне: ён стаў на калена і падарыў Марыне унікальны пярсцёнак са скуры, які зрабіў сам. Падчас рэгістрацыі маладыя абмяняліся такімі ж пярсцёнкамі.

Фота: аддзел ЗАГС Навабеліцкага раёна Гомеля

Жыццё разам іх не палохае: яны дзеляць усе хатнія абавязкі і любяць гатаваць разам. Станіслаў робіць бургеры і сушы, Марына — стравы з бульбы і грыбоў, заўсёды з любоўю.

Першыя пару дзён новага года пара правядзе з блізкімі, а пазней адзначыць падзею з сябрамі. У іх ужо, дарэчы, ёсць агульны кот Генрых, а Марына марыць перавезці з Петрыкава яшчэ двух сваіх катоў. Яны плануюць вялікую сям’ю, бо Марына любіць дзяцей і заўсёды марыла быць шматдзетнай мамай.

Чытайце таксама:

Памятаеце праваслаўную пару студэнткі і выкладчыка, дзе ён старэйшы на 31 год? Цяпер яны грамадзяне Ізраіля

Крысціна Ціманоўская зноў нявеста — з пярсцёнкам ад Tiffany

«Сказаў, што я сапсавала вечар». Гісторыі беларусак, якія зрабілі прапанову хлопцам

У Лідзе пабраліся шлюбам 15‑гадовыя хлопец і дзяўчына. Самай маладой маме Гродзеншчыны таксама 15

Складзены рэйтынг манагамнасці млекакормячых. На якім месцы чалавек?

Каментары да артыкула