«Запускайце далей салюты, а я выклічу міліцыю». Беларусы спрачаюцца пра забарону на феерверкі
Адны пішуць: «Хіба можна забараняць людзям радавацца як дзецям?». Іншыя катэгарычныя: салюты толькі шкодзяць прыродзе і людзям.
Скрыншот відэа з сацсетак
Са студзеня 2025 года ў Беларусі забаронены продаж салютаў, петард, ракетніц і іншай піратэхнікі II, III, IV і V класаў небяспекі. Дазволеныя толькі бенгальскія агні, хлапушкі, тортавыя фантаны (вырабы І-га класа небяспекі). Прычынай такой меры называўся рост траўм з-за няправільнага выкарыстання гэтых вырабаў.
У навагоднюю ноч мінчанка выклала відэа феерверкаў на раёне і падпісала: «Званю мянтам». У каментарыях пад відэа разгарэлася спрэчка паміж прыхільнікамі і праціўнікамі піратэхнікі.
Тыя, хто супраць, тлумачаць, што салюты шкодзяць жывёлам і птушкам і нясуць небяспеку.
«Я ветэрынарны доктар. У гадзіну ночы мне прывезлі двух сабак з інсультам, якія дрыжалі і былі ў поўным шоку. Запускайце далей салюты, а я падтрымаю аўтара і выклічу міліцыю».
«Салюты — гэта прычына смерці велізарнай колькасці птушак, уцёкаў і жудаснага стрэсу для хатніх і бяздомных жывёл (ды стрэс для многіх людзей, маленькіх дзяцей) плюс колькасць пажараў, адарваных канцавінаў. Ды і асацыяцыі хутчэй з бамбёжкай, чым са святам. А людзям абы пару хвілін паглядзець. Для мяне асабіста гэта маркер чалавека на адэкватнасць».
«Калі я была падлеткам, нам у навагоднюю ноч у акно 8 паверха заляцела петарда і падпаліла кухню. Нам пашанцавала, што мы былі дома, але не на кухні. Гэта піпец як страшна. З тых часоў я ненавіджу салюты і ўсё гэта быдлячае задавальненне».
Аматары феерверкаў пішуць: навошта забараняць радавацца святу?
«Мне было, будзе пляваць на вашы законы. Гэта свята. А свята ёсць свята, вечна ныеце, прывучайце сваіх жывёл не баяцца, гэта ваша адказнасць, а не адказнасць іншых. Салюты супер! Вельмі прыгожыя, раз на год можна».
«Хіба можна забараняць людзям радавацца як дзецям? Страты не такія вялікія, як вы тут усё падаяце, а радасць ад гэтага толькі раз на год можна атрымаць. Наступнага такога разу ў многіх ужо не будзе… Тут, як заўсёды, праблема не ў феерверках, а ў людзях, якія не выконваюць інструкцыю і не адыходзяць далей ад дамоў. Але чаму з-за парачкі прыдуркаў іншыя павінны пазбаўляць сябе шчасця?»