«Яна не дачакала гэтага дня, але гэты дзень дачакаў яе»: Ларысе Геніюш пасмяротна выдалі Нацыянальны пашпарт Беларусі
Беларускі пашпартны цэнтр 31 снежня 2025 года пасмяротна выдаў Нацыянальны пашпарт Беларусі Ларысе Геніюш — пісьменніцы і дзяячцы БНР, якая да смерці не прыняла савецкага грамадзянства. Дазвол на гэта даў яе ўнук.
Старонка ў Нацыянальным пашпарце Беларусі, выдадзеным Ларысе Геніюш пасмяротна. Фота: Belarus Passport Center
Лёс Ларысы Геніюш (1910—1983) — адна з самых трагічных і адначасова гераічных старонак беларускай гісторыі XX стагоддзя.
Яна нарадзілася ў маёнтку Жлобаўцы на Гродзеншчыны, вучылася ў Ваўкавыску, а з сярэдзіны 1930‑х гадоў жыла ў Чэхаславакіі. У Празе яна апынулася ў асяроддзі беларускай палітычнай эміграцыі і ў 1943 годзе была прызначаная генеральным сакратаром Урада Беларускай Народнай Рэспублікі ў выгнанні. Яна захоўвала і парадкавала архіў БНР і дапамагала беларусам-эмігрантам і ўцекачам.
Сям'я Геніюшаў
Пасля вайны савецкія ўлады дамагаліся выдачы Геніюшаў. У 1948 годзе Ларысу Геніюш арыштавалі ў Чэхаславаччыне, абвінавацілі ў «антысавецкай дзейнасці», асудзілі і адправілі ў лагеры ГУЛАГу. Пасля вызвалення яе ўгаворвалі прыняць савецкае грамадзянства — але яна адмовілася.
Геніюш лічыла сябе грамадзянкай Беларускай Народнай Рэспублікі і не пагадзілася на савецкі пашпарт — нават цаной абмежаванняў і жыцця пад пастаянным наглядам. Гэтая пазіцыя зрабіла яе адной з самых прынцыповых сімвалічных фігур беларускай гісторыі ХХ стагоддзя.
Унук беларускай паэткі Міхаіл Геніюш. Фота: Белсат
Менавіта гэтая нязломная пазіцыя і стала маральнай падставай для пасмяротнай выдачы ёй пашпарта вольнай Беларусі. Ініцыятыва ўзгадніла свой крок з Міхалам Геніюшам, унукам паэткі.
«Мая бабуля сваім жыццём даказала, як можна і як варта, а можа, нават, як трэба рабіць. І ёй, напэўна, належыцца пашпарт незалежнай Беларусі, якога не дачакала», — адзначыў ён.
Вайна з памяццю ў лукашэнкаўскай Беларусі
Сімвалічная выдача пашпарта адбылася на фоне беспрэцэдэнтнага пераследу памяці Ларысы Геніюш на яе радзіме. Апошнія гады праўладныя і прарасійскія актывісты вядуць мэтанакіраваную кампанію па дыскрэдытацыі яе асобы.
Галоўным абвінавачваннем стала нібыта супрацоўніцтва з нацыстамі. Прапагандысты спасылаюцца на зварот пражскага Беларускага камітэта самапомачы да Гітлера, пад якім стаіць і прозвішча Геніюш. Аднак сама паэтка ў сваёй кнізе «Споведзь» сцвярджала, што ўсе подпісы былі сфальсіфікаваныя старшынёй камітэта Іванам Ермачэнкам.
Даследчыкі ж адзначаюць, што ў яе творчасці няма ніводнага радка з ухваленнем нацызму, а дзякуючы рэгістрацыі ў камітэце былі выратаваны некалькі яўрэйскіх сем’яў.
Знос помніка Ларысе Геніюш у Зэльве. Фота: «Народная Воля»
Нягледзячы на гэта, атакі не спыняюцца. У 2023 годзе па ініцыятыве прарасійскай актывісткі Вольгі Бондаравай у Зэльве быў зруйнаваны помнік Ларысе Геніюш, які стаяў каля царквы з блаславення мітрапаліта Філарэта. А кнігі паэткі былі прызнаныя беларускім рэжымам «экстрэмісцкімі матэрыяламі».
На гэтым фоне пасмяротная выдача пашпарта выглядае не проста сімвалічным актам, а адказам грамадзянскай супольнасці на спробы рэжыму выкрасліць з гісторыі адну з самых мужных і прынцыповых жанчын Беларусі.
«Спадарыня Ларыса, вы — грамадзянка вольнай Беларусі. Цяпер. І назаўсёды», — напісалі ініцыятары.