БЕЛ Ł РУС

Іван Прус расказаў, як нажыўся на $200, пасяліўшы кіназорку ў занядбанай кватэры каля сметніка ў Шабанах, абстаўленай рэчамі з яго інтэрната

2.01.2026 / 23:34

Эдвард Руткевіч

У свежым выпуску ютуб-шоу «О(б)суждаем» адзін з вядоўцаў падзяліўся ганебнай гісторыяй са свайго студэнцкага мінулага, за якую яму дагэтуль сорамна: калі ён прыдумаў схематоз, як падзарабіць на прыездзе папулярнай актрысы з Масквы. 

Іван Прус і Алеся Грыбок

Студэнцкі фільм з галівудскім размахам

Гісторыя адбылася ў 2016 годзе, калі Прус быў студэнтам Акадэміі мастацтваў з правінцыі. У яго быў аднакурснік-платнік, сын багатых бацькоў з Ірана, які вырашыў зняць у якасці курсавой працы паўнавартасны фільм. Ён атрымаў ад бацькі бюджэт на некалькі тысяч даляраў і паставіў амбіцыйную ўмову: галоўную ролю павінна выканаць беларуска Алеся Грыбок. 

На той момант Грыбок для студэнтаў-актораў у Мінску была прыкладам поспеху: яна пераехала ў Маскву, рэгулярна здымалася ў расійскіх серыялах і зарабляла прафесіяй. «Яна была дзяўчынкай, у якой атрымалася», — тлумачыць Прус.

Сябра Івана, які быў другім рэжысёрам на здымках, прапанаваў яму выканаць функцыі адміністратара. Адна з задач — знайсці кватэру для акторкі і яе мужа, якія прыязджалі на 20 дзён. На гэта быў выдадзены бюджэт — умоўныя 500 даляраў.

Шабаны, пасцеля з інтэрнату і смурод са сметніка

Перад Іванам паўстаў маральны выбар: арандаваць добрую кватэру ці зэканоміць, каб пакінуць розніцу сабе.

«Я пачаў моцна думаць, як можна сэканоміць. Шукаў варыянты пустых кватэр, але нічога няма. І тады я прыдумаў сабе легенду…» — успамінае блогер.

Прус вырашыў зняць кватэру на доўгі тэрмін, прыкінуўшыся маладым спецыялістам. Яго выбар паў на «ўтульную кватэрку ў Шабанах».

«Гэта раён, які знаходзіцца за Мінскам, недалёка ад сметніка. Самы крымінальны раён Мінска. Там сапраўды смярдзела велізарным сметнікам», — прызнаецца Іван.

Кватэра была «больш чым убогая»: у ёй не было ні посуду, ні чайніка, ні праса, ні нават нармальнай пасцелі. Усё гэта Прусу прыйшлося прынесці са свайго інтэрнацкага пакоя.

«Я прыпёр свой чайнік з інтэрната. Ну, вы ўяўляеце, як выглядаў чайнік у пацанскім пакоі? Я ўзяў сваю пасцелю з інтэрната — тую, што выдаюць, з пячаткамі», — расказвае ён.

«Алеся, раён класны!»

Сустракаючы акторку, Іван імправізаваў, каб апраўдаць свой выбар:

«Алеся, ты разумееш, зараз жа лета, усе кватэры разбіраюць! Быў варыянт у цэнтры, але вас жа потым на здымачную пляцоўку не адвязуць, таму што гэта бясконцыя заторы. А тут — кальцавая! Ёсць крама, басейн, саўна. Наогул, раён класны!».

Са слоў Пруса, Алеся Грыбок, хоць і «трохі прыфігела», адрэагавала вельмі адэкватна: не стала ладзіць скандал і паставілася да сітуацыі з разуменнем. 

«Ёй за гэта велізарны плюс. Яна магла б заламаць рукі і сказаць: «Хлопцы, вы што, зусім ачмурэлі?»», — кажа блогер.

У выніку на гэтай «схеме» Іван зарабіў каля 200 даляраў. «Для мяне тады гэта рэальна былі грошы. Студэнт у Мінску на 200 даляраў спакойна мог месяц жыць», — тлумачыць ён.

Лёс фільма, дзеля якога ўсё гэта рабілася, застаўся невядомым. Прус мяркуе, што студэнт-рэжысёр так і не давёў працу да канца. А Алеся Грыбок пазней перафарматавалася з акторкі серыялаў у папулярную блогерку, якая здымае вірусныя тыктокі пра сакрэты акторскага майстэрства.

«Алеся, калі раптам убачыш дзе-небудзь гэты кавалачак, дзякуй вялікі, што не заломвала рукі, пажыла ў Шабанах і не вы*валася», — звярнуўся ў канцы гісторыі Іван Прус да гераіні свайго ўспаміну.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула