Трамп назіраў захоп Мадура ў жывым эфіры. «ЗША будуць вырашаць, хто будзе кіраваць Венесуэлай далей»
Дональд Трамп у інтэрв’ю Fox News пракаментаваў захоп прэзідэнта Венесуэлы Нікаласа Мадура і яго жонкі.
Фота: Anna Moneymaker, Getty Images
Ён расказаў, што Мадура затрымалі ў яго доме да таго, як той паспеў спусціцца ў спецыяльна абароненае памяшканне. Сам Трамп назіраў аперацыю захопу ў жывым эфіры на экране. «Я літаральна глядзеў гэта як тэлешоў. Гэта было ўражліва — узровень прафесіяналізму і якасць кіраўніцтва».
Некалькі амерыканцаў атрымалі раненні. Мадура і яго жонку вывезлі з Венесуэлы на верталёце і высадзілі на карабель, на якім іх даставяць у Нью-Ёрк.
Нікалас Мадура з жонкай, 10 студзеня 2025 года. Фота: AP Photo/Matias Delacroix
Аперацыя павінна была прайсці чатыры дні таму, але надвор'е было не ідэальным.
«Мы будзем актыўна ўдзельнічаць у вырашэнні пытання аб тым, хто будзе кіраваць краінай. Мы не можам рызыкаваць, дазваляючы камусьці іншаму кіраваць і проста завалодваць тым, што ён пакінуў», — заявіў Трамп.
«Мы хочам прынесці свабоду народу. Я лічу, што народ Венесуэлы вельмі, вельмі шчаслівы. Імі кіравала дыктатура — ці нават горш».
Трамп выказаўся і пра Мексіку.
«[Прэзідэнтка Мексікі] Клаўдзія Шэйнбаўм — добрая жанчына, але Мексікай кіруюць картэлі. Яна не кіруе Мексікай — Мексікай кіруюць картэлі. З Мексікай трэба нешта рабіць».