Трамп расказаў падрабязнасці захопу Мадура. Асноўнае
Ён таксама сказаў, што ЗША будуць кантраляваць сітуацыю ў Венесуэле да выбараў.
Скрыншот трансляцыі прэс-канферэнцыі
Дональд Трамп даў прэс-канферэнцыю пасля захопу былога прэзідэнта Венесуэлы Нікаласа Мадура.
Трамп заявіў, што падобныя аперацыі не праводзіліся з часоў Другой сусветнай вайны. «Ні адна краіна ў свеце не змагла б зрабіць таго, што зрабіла Амерыка ўчора», — адзначыў Трамп. Ён параўнаў гэта з забойствам лідара «Ісламскай дзяржавы» аль-Багдадзі.
Ён дадаў, што пацярпелых сярод амерыканскіх салдат няма.
Мадура, па словах Трампа, абвінавачваецца ў «наркатэрарызме» і быў кіраўніком Cártel de los Soles («картэль сонцаў»).
Трамп таксама сказаў, што яны гатовы правесці другую хвалю ваеннай аперацыі ў Венесуэле, калі будзе неабходна. Але пакуль такой неабходнасці няма.
Прэзідэнт ЗША таксама сказаў, што яны будуць кантраляваць сітуацыю ў Венесуэле да выбараў. А Мадура цяпер не прэзідэнт, яго ўлада скончылася.
«Мы будзем кіраваць краінай, пакуль не зможам забяспечыць юрыдычна правільную змену ўлады ў Венесуэле».
Трамп паабяцаў зрабіць народ Венесуэлы багатым і незалежным.
Трамп заявіў, што амерыканскія нафтавыя кампаніі адновяць Венесуэлу. «Яны зойдуць туды і адновяць разбураную інфраструктуру. Яны пачнуць зарабляць грошы для гэтай краіны».
Кіраўнік Пентагона Піт Хэгсет і старшыня камітэта начальнікаў штабоў узброеных сіл Дэн Кейн расказалі пра некалькі дэталяў аперацыі. ЗША задзейнічалі 150 самалётаў, а рыхтавалася аперацыя некалькі месяцаў. Амерыканская авіяцыя знішчала сістэмы СПА Венесуэлы, каб спецназ на верталётах мог захапіць Мадуру. Выкарыстоўваліся знішчальнікі F-35, F-22, а таксама бамбардзіроўшчыкі B-1.
Трамп і Рубіа назіраюць за аперацыяй. Фота: Белы дом
Хэгсет і Трамп падчас назірання за аперацыяй. Фота: Белы дом
Дзяржсакратар Марка Рубіа сказаў, што ў Мадуры было мноства магчымасцяў пазбегнуць захопу, яму паступалі шчодрыя прапановы, але ён не скарыстаўся імі.
«Не гуляйце ў гульні з гэтым прэзідэнтам», — сказаў Рубіа пра Трампа.
Адказваючы на пытанні журналістаў, Трамп расказаў, што Мадура спрабаваў бегчы ў бункер, але амерыканскія вайскоўцы не далі яму гэта зрабіць. Па словах Трампа, пачалася вялікая перастрэлка і за 47 секунд амерыканскія вайскоўцы змаглі ўсё зачысціць.
Віцэ-прэзідэнтка Венесуэлы правяла тэлефонную размову з дзяржсакратаром ЗША, заявіў Трамп. Ён сцвярджае, што Каракас гатовы да супрацоўніцтва з Вашынгтонам.
Трампа спыталі, ці кантактаваў ён з нобелеўскай лаўрэаткай і апазіцыйным палітыкам з Венесуэлы Марыяй Карына Мачада. Ён сказаў, што Мачада было б «вельмі цяжка» быць лідарам Венесуэлы. Хоць яна вельмі «мілая жанчына», па яго словах, «у яе няма падтрымкі або павагі ўнутры краіны».
Напрыканцы Трампа спыталі, ці абмяркоўваў ён з Пуціным Венесуэлу. Прэзідэнт ЗША сказаў, што яны не абмяркоўвалі Венесуэлу і Мадура.