Бабарыка расказаў, якую параду яму даў просты чалавек, які застаўся ў Беларусі
Былы банкір, прэтэндэнт у прэзідэнты-2020 і былы палітвязень Віктар Бабарыка апісаў у фэйсбуку размову, якая ў яго нядаўна адбылася.
Фота: Maksym Kishka Anadolu via Getty Images
«Нядаўна ў мяне была размова з зусім простым чалавекам, які застаўся ў Беларусі і акрэсліў адзін са сваіх болеў. З яго згоды я выкладаю частку гэтай размовы, захоўваючы ўсе асаблівасці выказванняў:
ЁН: Тыя, хто жыве тут — іншыя. І многія, тыя самыя, што былі. Нягледзячы ні на што.
Я: Не пагаджуся. Мы ўсе — аднолькавыя, але пастаўленыя ў розныя межавыя ўмовы. Таму вымушаныя паступаць па-рознаму і ўсё ж захоўваць у душы агульныя каштоўнасці:
— любоў і павагу да сябе і сваіх родных;
— жаданне рабіць тое, што табе падабаецца і адпавядае тваім здольнасцям і магчымасцям, а не проста зарабляць на хлеб, нават калі ён з маслам;
— быць разам і акружанымі цеплынёй сяброў і блізкіх і дапамагаць ім, ведаючы, што, у выпадку патрэбы, і яны прыйдуць табе на дапамогу.
ЁН: Згодзен! Але, на жаль, мы глядзім на свет праз іншую прызму адчуванняў.
Я: Але гэта не павінна мяняць нашу сістэму каштоўнасцяў. Свет можа быць жорсткім, але кожны з нас здольны застацца добрым і светлым.
У адным з лістоў на волю мой сын напісаў: «Абсалютнай цемры не існуе. Бывае адсутнасць святла». Значыць, нават маленькая кароткая ўспышка перамагае цемру. І я веру, што кожны з нас можа быць гэтай іскрынкай. І ведаю, што такіх носьбітаў дабра і святла сярод беларусаў мноства.
ЁН: Дзякуй! Абапрыцеся на тых, хто тут. Скажыце за тых, хто не можа сказаць.
Я не ведаю, наколькі важна гэта вам, але для мяне гэтая размова і яе фінал надзвычай дарагія», — піша Бабарыка.