БЕЛ Ł РУС

У Гане мясцовы «прарок» абяцаў на Каляды сусветны патоп і падмануў. Людзі абураныя

4.01.2026 / 23:19

Nashaniva.com

У Гане паліцыя затрымала самазванага прарока па мянушцы Эба Ной (сапраўднае імя Эванс Эшун), які абяцаў надыход сусветнага патопу на Каляды, 25 снежня. Пра гэта паведаміла выданне My Joy Online.

Эба Ной у адным з відэа

Мужчына стаў вядомы напрыканцы лета 2025 года, калі пачаў сцвярджаць, што Зямлю чакае апакаліпсіс. 

На працягу некалькіх месяцаў у TikTok і YouTube з’яўляліся відэа, на якіх 30‑гадовы мужчына ў лахманах кантралюе будаўніцтва драўляных суднаў. Ён заяўляў, што закупіў больш за 250 тысяч дошак і што ягоныя каўчэгі — адзіны шанец на выратаванне.

Усяго такіх «каўчэгаў» планавалася пабудаваць дзесяць, прытым «прарок» прапаноўваў людзям выратаванне за грошы — кожны ахвотны мог аплаціць сабе месца на судне. Некаторыя верылі яму настолькі, што прыязджалі нават з іншых краін з асабістымі рэчамі.

Аднак 25 снежня, насуперак прагнозам, ніякага патопу не адбылося. Пасля гэтага Эба Ной заявіў, што канец свету нібыта проста адклалі дзякуючы яго малітвам і трохтыднёваму посту. 

Сітуацыя набыла яшчэ больш дзіўны характар, калі «прарок» з’явіўся на сцэне падчас канцэрта вядомага ў Гане рэпера. Будучы ў сваім звыклым адзенні ён заклікаў публіку весяліцца, бо пагроза апакаліпсісу, паводле яго слоў, адкладзена. Аднак гэта выклікала вялікае абурэнне сярод людзей, якія палічылі сябе падманутымі.

31 снежня «прарока» арыштавалі. Яму інкрымінуюць распаўсюд хлуслівай інфармацыі, якая выклікала страх і паніку, а таксама фальшывыя прадказанні.

Чытайце таксама:

«Праз пакаленне ў Афрыцы будзе нараджацца палова ўсіх дзяцей свету». Чаму Паўднёвая Карэя вымірае і чым цікавы прыклад Ізраіля

Байцы расійскага «Афрыканскага корпуса» выкрадаюць, гвалцяць і забіваюць мірных жыхароў у Малі

Футбольныя легіянеры з Афрыкі расказалі, як ім заходзяць стравы беларускай кухні

Беларус працаваў у Афрыцы і купіў сабе бабуіна

Каментары да артыкула