У Мінску кватэру без аздаблення хочуць здаць у арэнду за $990
Знаходзіцца памяшканне ў 16‑павярховым гмаху на самым ускрайку «Мінск-Свету».
Некаторы час таму забудоўшчык жылога комплексу «Мінск-Свет» пачаў прасоўваць нешта новае для рынку нерухомасці — шматфункцыянальныя бізнэс-апартаменты. Гэта нібыта і не жыллё, і не офісы, а нешта сярэдняе. У межах новага жылога квартала будуецца нямала дамоў з такімі памяшканнямі.
Адзін з іх — дом пад назвай «Нясвіжскі замак». Зараз у ім здаецца ў арэнду двухпакаёвая кватэра без аздаблення, кошт якой можа здзівіць, піша Onliner.by.
«Нясвіжскі замак» знаходзіцца на вуліцы Жарэса Алфёрава, 22. Гэта эфектны 16‑павярховы гмах на самым ускрайку «Мінск-Свету».
Пад домам ёсць падземны паркінг, на першым паверсе размешчаныя камерцыйныя памяшканні, а на астатніх — бізнэс-апартаменты розных фарматаў і плошчаў. У такім тыпе нерухомасці можна альбо жыць, альбо адкрыць бізнэс, альбо сумяшчаць абодва варыянты. «Камуналка» пры гэтым будзе налічвацца па камерцыйных тарыфах.
Вось апісанне ад забудоўшчыка:
— Гэта новы фармат нерухомасці з асаблівым прававым рэжымам. Тут можна зарэгістравацца як фізічная асоба (рэгістрацыя па месцы жыхарства), а таксама магчымая рэгістрацыя юрыдычнай асобы (кампаніі любой формы ўласнасці).
Шматфункцыянальныя апартаменты — гэта месца, дзе будзе камфортна вашай сям’і. З усімі магчымасцямі комплексу. Магчымасць рэгістрацыі кампаніі — дадатковы бонус, якім можна скарыстацца па жаданні.
Зусім неабавязкова адначасова жыць і весці бізнэс. Можна засяліцца, набыўшы аб’ект для пражывання, зарэгістравацца па месцы жыхарства, а потым, калі ўзнікне жаданне, аформіць рэгістрацыю юрыдычнай асобы любой формы ўласнасці і адкрыць уласную справу ў адной з самых выгадных бізнэс-лакацый. Але пытанне, як менавіта ўладальнікі будуць выкарыстоўваць свае метры, застаецца адкрытым. Выходзіць, адзін сусед можа ўладкаваць жыллё для сям’і, а другі — адкрыць за сценкай умоўны бізнэс з «манікюрам»? Так, менавіта так.
Напрыклад, уладальніца двухпакаёвай кватэры на 15‑м паверсе «Нясвіжскага замка» ўжо цяпер паклапацілася пра тое, каб яе інвестыцыі ў нерухомасць працавалі. Апартаменты плошчай 44 квадратныя метры яна хоча здаць у арэнду за $990. Пры гэтым яны здаюцца з чарнавым аздабленнем:
— Рамонту няма, вы можаце зрабіць яго пад свае патрэбы. Пасля перадачы ключоў можна адразу засяляцца і пачынаць рамонт. За сцяной з гэтым памяшканнем здаецца яшчэ адно — плошчай 38 кв. м з лоджыяй. Магчымая арэнда адразу двух памяшканняў. Ва ўласнасці ёсць 2 машына-месцы. Іх арэнда абмяркоўваецца.
Для жылля ў такім стане стаўка ў $990 выглядае шакавальна, а вось для бізнэсу — ужо прымальнай. Атрымліваецца, новыя тыпы нерухомасці патрабуюць новых падыходаў. Паглядзім, як на такія прапановы будуць рэагаваць патэнцыйныя арандатары.