У Балтыйскім моры здарыўся другі за тыдзень разрыў падводнага кабеля сувязі
Улады Латвіі паведамілі пра пашкоджанне аптычнага кабеля ў Балтыйскім моры і пачалі расследаванне. Прэм’ер-міністарка краіны Эвіка Сіліня паведаміла ў сацсетцы X, што кабель, які належыць прыватнай кампаніі, быў пашкоджаны недалёка ад порта Ліепая. Пры гэтым латвійскія карыстальнікі сувязі не пацярпелі. Адказныя ведамствы высвятляюць усе абставіны здарэння.
Фота ілюстрацыйнае
Згодна са звесткамі Reuters, які спасылаецца на Дзяржаўную паліцыю Латвіі, пашкоджанне адбылося 2 студзеня — праз тры дні пасля таго, як фінскія ўлады затрымалі судна, якое выйшла з Расіі і падазравалася ў магчымай датычнасці да атакі на іншы кабель у Балтыцы.
У нядзелю латвійскія следчыя падняліся на борт судна ў Ліепаі, якое можа быць датычным да пашкоджання камунікацый. Ні судна, ні яго экіпаж пакуль не затрыманыя, яны супрацоўнічаюць з паліцыяй.
Па паведамленні Памежнай службы Узброеных сіл Латвіі, судна спачатку рухалася над неактыўным кабелем, але потым змяніла курс і накіравалася на актыўны, які цяпер пашкоджаны. Паліцыя праверыла судна, яго якар, тэхнічнае абсталяванне і суднавыя журналы, а таксама дапытала некалькіх чалавек. Расследаванне працягваецца.
Сам кабель праходзіць паміж прыбярэжнымі гарадамі — Швянтоі ў Літве і Ліепая ў Латвіі, на адлегласці прыкладна 65 км адзін ад аднаго, адзначылі ў Літоўскім нацыянальным цэнтры па кіраванні крызісамі.
Раней, 1 студзеня, фінская паліцыя паведаміла пра арышт двух членаў экіпажа судна Fitburg, падазраванага ў пашкоджанні кабеля паміж Хельсінкі і Талінам. Яшчэ двум маракам забаронена пакідаць тэрыторыю Фінляндыі. Сярод 14 членаў экіпажа былі грамадзяне Расіі, Грузіі, Азербайджана і Казахстана.
Fitburg быў затрыманы фінскімі ўладамі 31 снежня падчас руху з Расіі ў Ізраіль. Пры аглядзе судна высветлілася, што яно перавозіла канструкцыйную сталь расійскай вытворчасці, на якую распаўсюджваюцца сектаральныя санкцыі ЕС. На груз накладзены арышт, праводзіцца праверка.
Чытайце таксама:
У Фінскім заліве зноў пашкодзілі кабель, які звязвае Фінляндыю і Эстонію
Украіна нанесла ўдар па расійскім вайсковым караблі ў Каспійскім моры