У найстарэйшым нацыянальным парку Афрыкі нарадзілася пара сімпатычных рэдкіх горных гарыл
У нацыянальным парку Вірунга, які знаходзіцца ў пацярпелай ад вайны ўсходняй частцы Дэмакратычнай Рэспублікі Конга, у горнай гарылы нарадзіліся блізняты. Для свету заалогіі гэта падзея мае вялікае значэнне, бо горныя гарылы, што жывуць у Вірунзе, — адны з апошніх у свеце.
Гэты від прыматаў лічыцца знікаючым, піша Бі-бі-сі.
Нованароджаных блізнят знайшлі рэйнджары, якія адказваюць за маніторынг умоў пражывання і стану здароўя горных гарыл.
Яны ўбачылі 22‑гадовую гарылу па мянушцы Мафука, якая абдымала сваіх дзіцянят (абодва самцы). Папярэдні агляд паказаў, што ўся сям’я пачуваецца добра.
Лічыцца, што нараджэнне блізнят у горных гарыл адбываецца ўсяго прыкладна ў 1% выпадкаў.
Цяжарнасць у гарыл доўжыцца каля васьмі з паловай месяцаў, і самкі звычайна нараджаюць адно дзіцяня раз на чатыры гады.
Апошні выпадак нараджэння блізнят горных гарыл у нацыянальным парку Вірунга быў зафіксаваны ў верасні 2020 года.
Сама Мафука ўжо нараджала блізнят у 2016 годзе, аднак абодва дзіцяняты тады загінулі на працягу тыдня.
Дзіцяняты гарыл цалкам залежаць ад маці — як у доглядзе, так і ў перамяшчэнні — і надзвычай уразлівыя ў небяспечным асяроддзі, у якім дзейнічаюць браканьеры і шматлікія ўзброеныя групоўкі. Далейшы лёс малых Мафука выклікае занепакоенасць: значная частка найстарэйшага афрыканскага нацыянальнага парку знаходзіцца пад кантролем паўстанцаў, а баявыя дзеянні паскорылі працэс скарачэння лясных масіваў.
Кіраўніцтва нацыянальнага парку паведаміла, што ўведзены дадатковыя меры назірання і аховы для забеспячэння выжывання блізнят у гэты крытычны перыяд. Рэйнджары будуць уважліва сачыць за маладой сям’ёй і пры неабходнасці аказваць дапамогу.
Па словах супрацоўнікаў Вірунгі, у самой Мафука — незвычайная гісторыя выжывання. Яна нарадзілася ў 2003 годзе ў сям’і Кабірызі і ў чатыры гады страціла маці, якую забілі ўзброеныя баевікі.
У дзесяць гадоў Мафука далучылася да сям’і Багені і з таго часу нараджала патомства пяць разоў. Як адзначаюць заолагі, яе апошнія дзіцяняты — значная падтрымка ў намаганнях па захаванні гэтага знікаючага віду.
Парк Вірунга, уключаны ў спіс аб’ектаў Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА, быў створаны 100 гадоў таму менавіта для абароны горных гарыл, колькасць якіх у дзікай прыродзе сёння складае крыху больш за тысячу асобін.
Паводле Міжнароднага саюза аховы прыроды (IUCN), які вядзе ўлік відаў, што знаходзяцца пад пагрозай знікнення, сёння гэтыя прыматы сустракаюцца толькі ў Вірунзе, а таксама ў нацыянальных парках Руанды і Уганды.
Дзякуючы праграмам працы з мясцовымі супольнасцямі, якія рэалізуюцца пры падтрымцы Еўрапейскага саюза і ЮНЕСКА, колькасць горных гарыл у Вірунзе за апошняе дзесяцігоддзе паступова павялічвалася.
У выніку ў 2018 годзе статус гэтага віда быў зменены з «віда, які знаходзіцца на мяжы знікнення» на «знікаючы».
Парк Вірунга займае плошчу каля 7 800 квадратных кіламетраў і вызначаецца ўражлівай разнастайнасцю ландшафтаў — ад дзеючых вулканаў і шырокіх азёр да трапічных лясоў і гор.