БЕЛ Ł РУС

У Беларусі пачалі ставіць банкаматы-рэсайклеры

8.01.2026 / 18:26

Nashaniva.com

Прыёрбанк пачаў усталёўваць у Беларусі новыя банкаматы-рэсайклеры. Усяго банк атрымаў 110 такіх прылад, якія ўжо з’явіліся ў гандлёвых цэнтрах, зонах самаабслугоўвання 24/7 і ў найбольш людных месцах краіны, піша Telegraf.news.

У банку тлумачаць, што слова «рэсайклер» у гэтым выпадку не мае дачынення да экалогіі. Гаворка ідзе пра функцыю паўторнага выкарыстання гатоўкі. У такіх банкаматах можна не толькі зняць грошы, але і папоўніць картку.

Прынцып працы просты: банкноты, якія адзін кліент уносіць у банкамат, адразу ж правяраюцца на сапраўднасць і стан. Пасля гэтага яны могуць быць выдадзеныя іншаму кліенту без неабходнасці інкасацыі і дадатковай апрацоўкі ў банку.

Такім чынам, у адрозненне ад звычайных дэпазітных банкаматаў, якія толькі прымаюць грошы і залічваюць іх на рахунак, рэсайклеры адразу гатовыя выкарыстоўваць прынятыя купюры для наступнай выдачы.

Ідэя такіх прылад з’явілася яшчэ ў пачатку 2000‑х гадоў, спачатку ў Японіі і ЗША. Шырокае распаўсюджанне банкаматы-рэсайклеры атрымалі ў 2010‑х гадах, асабліва ў краінах, дзе інкасацыя дарагая і існуе вялікае абарачэнне гатоўкі.

Чытайце таксама:

У тэрміналах Прыёрбанка перастануць прымаць наяўныя

Беларусбанк будзе мяняць замежныя валюты анлайн

Некаторыя банкаматы ў Беларусі не прымаюць 100‑рублёвыя купюры. У чым праблема?

Каментары да артыкула