Ці даць кур’ерам выхадны ў завіруху? Людзі спрачаюцца, бізнэс адгукаецца
«Сёння можна і самім дайсці да крамы».
Фота: threads.com
9 студзеня Мінск апынуўся пад магутнай завірухай: гарадскія вуліцы заваліла снегам, камунальныя службы да гэтага часу змагаюцца з наступствамі, а рух транспарту ўскладнены. Тым часам многія службы дастаўкі працягваюць працаваць, кур'еры выходзяць на маршруты — пешшу, на роварах і аўтамабілях.
Людзі ў сацсетках просяць пашкадаваць кур’ераў і адмовіцца ад заказаў хаця б на дзень.
«Пашкадуйце кур'ераў», «Сёння можна і самім дайсці да крамы», «Ім і так цяжка — давайце дадзім ім выхадны», — пішуць мінчукі ў Threads.
На фоне такіх паведамленняў некаторыя ўстановы сапраўды прыпыняюць дастаўку — часова пераходзяць толькі на самавываз.
Так, Sushi House параіўся на гэты конт са сваімі падспісчыкамі ў сацсетках: ці зрабіць кур’ерам выхадны? Практычна ўсе каментатары напісалі альбо так, абавязкова, альбо калі і захоўваць працоўны дзень, то падвысіць аплату ў 2‑3 разы. Установа выбрала першы варыянт, чым выклікала хвалю адабрэння.
Fusion Sushi напісалі, што адпусцілі кур'ераў дадому і працуюць на самавываз, а тым хто забярэ замову сам зробяць скідку. Picpizza.by наогул вырашылі не працаваць.
Але рэакцыя на заклікі «не заказваць» аказалася неадназначнай.
«Для вас — клопат, а для кур'ера — мінус грошы», «Мядзведжая паслуга. Не хочаце — не заказвайце, але не абнуляйце чужую працу», «Заказ з добрымі чаявымі — гэта таксама падтрымка» — пішуць карыстальнікі.
У каментары прыходзяць самі кур'еры ці іх блізкія. «Я працую кур'ерам у «Яндэксе». Ты загадзя прастаўляеш за тыдзень да сабе змены, якія можна пасля зняць толькі са штрафам», — піша мужчына і дадае, што больш у такое надвор'е не заробіш: «заказы ўсе кароткія і само прасоўванне павольнае».
Жанчына, чый сын працуе кур'ерам, дзеліцца, што той на бензін больш патраціў, чым за змену зарабіў.
Хтосьці піша, што сам адмовіўся ад дастаўкі і зварыў суп з таго, што было, іншыя — упершыню паставілі птушачку «самавываз», а хтосьці наадварот — зрабіў заказ і пакінуў падвойныя чаявыя.