Сакрэт, як жыць добра і пасля 90 гадоў — чалавечыя сувязі
Амерыканскі доктар у сваім эсэ для The Wall Street Journal сцвярджае, што ключ да доўгага і здаровага жыцця — не ў дыетах і тэхналогіях, а ў сацыяльных сувязях.
Ілюстрацыйная выява: Stellalevi / Getty Images
Амерыканскі доктар, даследчык даўгалецця і прафесар Пенсільванскага ўніверсітэта Ізекіль Дж. Эмануэль (Ezekiel J. Emanuel) піша: «Я прысвяціў усю сваю кар’еру вывучэнню таго, што дапамагае людзям жыць даўжэй і здаравей. Мая мама і мой тата — наглядны доказ таго, што ключ да гэтага — у захаванні сацыяльных сувязяў».
Аўтар аналізаваў міжнародныя статыстычныя даныя, сотні клінічных даследаванняў, а таксама модныя тэндэнцыі — ад дыет і харчовых дабавак да тэхналагічных прылад, якія абяцаюць падаўжэнне жыцця. Аднак, паводле яго высноў, галоўны фактар даўгалецця, які часта застаецца па-за ўвагай, — гэта жывыя чалавечыя зносіны.
«Мой бацька не медытаваў, не лічыў крокі, спецыяльна не займаўся фізічнымі практыкаваннямі і ні разу ў жыцці не вымавіў слова «усвядомленасць». Тым не менш ён дажыў да 92 гадоў і памёр дома пасля вельмі кароткай барацьбы з ракам мозгу. За дзесяць дзён паміж пастаноўкай дыягназу і яго смерцю яго наведалі дзеці і 11 унукаў».
А мая маці і цяпер, у свае 92 гады, трымаецца малайцом. У яе па-ранейшаму ёсць пачуццё гумару і палітычная актыўнасць, але няма, як яна сама кажа, хвароб, якія яе заб’юць.
Бацька Эмануэля, педыятр з Чыкага, быў надзвычай адкрытым і камунікабельным чалавекам. Ён размаўляў на пяці мовах, лёгка знаходзіў агульную мову з людзьмі розных культур і сацыяльных груп, часта дапамагаў бясплатна і не саромеўся звяртацца да незнаёмцаў у паўсядзённых сітуацыях.
«Аднойчы я назіраў, як ён падчас паездкі ў аўтобусе дыягнаставаў зоб у спадарожніцы і параіў ёй, да якога лекара звярнуцца. У другі раз простая размова з іншым бацькам у парку скончылася тым, што ўсю нашу сям’ю запрасілі да іх дадому на вячэру».
Маці аўтара таксама вяла насычанае сацыяльнае жыццё. У 1960‑я гады яна ўдзельнічала ў рухах за грамадзянскія правы і супраць вайны, а іх дом нярэдка станавіўся месцам сустрэч актывістаў. Пазней яна атрымала адукацыю тэрапеўта і пачала практыкаваць. Нават у сталым узросце яна працягвае падтрымліваць шырокае кола кантактаў і рэгулярна сустракаецца з сябрамі.
«Мая мама нярэдка брала да сябе дзяцей і родных, калі ў іх дома было няпроста: адзін стрыечны брат пражыў у нас два гады, пакуль аднаўляўся пасля гепатыту. Яна ўмела ствараць такую атмасферу, што нашы сябры-падлеткі адчувалі сябе зразумелымі і прынятымі — з цеплынёй і эмпатыяй».
З гадамі і прафесійным досведам Эмануэль зразумеў, што яго бацькі інтуітыўна карысталіся адным з самых эфектыўных механізмаў падтрымання здароўя — сацыяльнымі сувязямі.
Ён піша: «Мне спатрэбілася шмат гадоў, каб зразумець: дабрабыт закладзены ў супольнасці, у якой мы жывём. Сумесна праведзены час прыносіць карысць усім удзельнікам».
Сучасная навука гэта пацвярджае. Даследаванні паказваюць: як працяглыя, так і кароткія сацыяльныя кантакты зніжаюць узровень стрэсу, паніжаюць артэрыяльны ціск, памяншаюць запаленчыя працэсы, умацоўваюць імунітэт і зніжаюць рызыку дэпрэсіі і заўчаснай смерці. Сацыяльная ізаляцыя, наадварот, шкодзіць здароўю і па сваіх наступствах супастаўная з атлусценнем.
Аналіз, праведзены ў межах даследавання Health and Retirement Study (Даследаванне здароўя і выхаду на пенсію), у якім удзельнічалі больш за 20 000 амерыканцаў, старэйшых за 50 гадоў, паказаў, што на працягу васьмі гадоў людзі з найбольшай колькасцю блізкіх сяброў (у сярэднім 7,8) мелі на 17% меншую рызыку дэпрэсіі і на 24% меншую рызыку смерці ў параўнанні з тымі, у каго блізкіх сяброў было менш (у сярэднім 1,6).
Даследаванне Гарвардскага ўніверсітэта, якое назірала за людзьмі, старэйшымі за 80 гадоў, выявіла, што «тыя, хто быў самым шчаслівым, захоўвалі здароўе з узростам і жылі даўжэй за ўсіх — гэта людзі, якія мелі самыя цёплыя сувязі з іншымі».
«Калі і існуе нейкі хак даўгалецця, то вось ён. Забудзьце пра пагружэнні ў лёд, чырвонае святло і модныя дабаўкі. Патэлефануйце сябру. Пагаварыце з суседам. Спытайце ў кіроўцы Uber або ў касіра ў краме, як прайшоў іх дзень або як яны правялі святы. Калі я цяпер думаю пра сваіх бацьку і маці, разумею: здароўе — гэта не тое, чаго дасягаюць у ізаляцыі. Гэта тое, што мы ўсе ствараем разам», — падсумоўвае аўтар.