Бум на красоўкі сканчваецца?
Няўжо красоўкі перастануць быць настолькі папулярнымі? Дыскусію вакол гэтага пытання выклікала справаздача аналітыкаў Bank of America.
Фота: adidas.com
На мінулым тыдні яны ўскалыхнулі свет абутку сваім 61‑старонкавым аналізам, у якім прыйшлі да высновы, што перспектывы росту спартыўных брэндаў красовак імкліва пагаршаюцца, паведамляе Bloomberg.
У справаздачы сцвярджаюць, што сектар спартыўных тавараў перажываў 20‑гадовы «цыкл уздыму» — красоўкі сталі займаць палову сусветных продажаў абутку (раней была чвэрць). Трэнд дасягнуў піку падчас пандэміі каранавіруса, калі мільёны людзей пачалі працаваць дома. «Паколькі гэты структурны зрух у асноўным завяршыўся, перспектывы будучага росту даходаў цяпер значна скараціліся», — адзначылі аналітыкі.
Але іх высновы выклікалі шмат пярэчанняў.
Паводле звестак аналітыка Бэт Голдстайн з Нью-Ёрка, цяпер красоўкі складаюць каля 60% продажаў абутку ў ЗША. Спартыўны абутак заваяваў папулярнасць як частка больш шырокага грамадскага імкнення да камфорту і здаровага ладу жыцця — прыярытэтаў, якія наўрад ці знікнуць у бліжэйшы час. Аналітык дадала, што катэгорыя красовак у ЗША вырасла на 4% за мінулы год (па лістапад), у той час як катэгорыя моднага абутку скарацілася на 3%.
Тым не менш, вытворцы красовак сутыкнуліся з цяжкасцямі пасля пандэміі: часам яны не паспявалі за зменлівымі густамі пакупнікоў, назіралі астуджэнне продажаў (асабліва ў Кітаі) і сутыкнуліся з пагрозай амерыканскіх пошлін.
Ёсць прыкметы таго, што красоўкі пранікаюць нават у катэгорыю класічнага абутку. У 2025 годзе самай папулярнай мадэллю лофераў на платформе перапродажу StockX сталі New Balance 1906L, якія выглядаюць як гібрыд макасінаў і марафонскіх красовак. Таксама цяпер часта можна ўбачыць кіназорак і іфлюенсераў у дарагіх версіях спартыўнага абутку, створаных часта ў калабарацыі з люксавымі брэндамі накшталт Gucci або Moncler.
Аналітыкі Bank of America не сцвярджаюць, што людзі вось-вось выкінуць свае красоўкі і пяройдуць на лакаваныя оксфарды. Хутчэй яны звяртаюць увагу на тое, што спартыўныя тавары — пасля буму ў пандэмію — з сярэдзіны 2023 года растуць павольней, чым у сярэднім за апошнія два дзесяцігоддзі.