БЕЛ Ł РУС

Вячорка патлумачыў, як складаюцца спісы гасцей на прыём да прэзідэнта Польшчы

11.01.2026 / 20:20

Nashaniva.com

Дарадца Ціханоўскай адказаў на прэтэнзіі наконт запрошаных на святочнае мерапрыемства.

Фота: LookByMedia

Апошнія гады прадстаўнікоў беларускай дыяспары штогод запрашаюць на святочны калядны прыём у прэзідэнцкі палац у Варшаве. Гэтым разам у фэйсбуку разгарэлася дыскусія з нагоды таго, што некаторыя не трапілі ў спісы запрошаных. Усё таму, лічаць тыя, каго не паклікалі на прыём, што яны нелаяльныя Офісу Ціханоўскай і таму іх выкраслілі са спісаў.

Дарадца Ціханоўскай Франак Вячорка вырашыў адказаць на прэтэнзіі.

Вячорка ў фэйсбуку тлумачыць, што калядны прыём у Вільні арганізуе Офіс Ціханоўскай, а ў Варшаве — прэзідэнцкі палац.

«Ідэя калядных прыёмаў у прэзідэнта Польшчы з’явілася напрыканцы 2021 года, калі прэзідэнт Анджэй Дуда прапанаваў Святлане Ціханоўскай правесці супольнае мерапрыемства для беларусаў у Польшчы — так і была закладзена гэтая традыцыя. Увосень 2025 года Святлана Ціханоўская прапанавала новаму прэзідэнту Польшчы Каралю Наўроцкаму традыцыю працягнуць», — піша Вячорка.

Ён звяртае ўвагу, што ў розныя гады на прыёмах былі ў тым ліку Зянон Пазняк, Наталля Радзіна, Павел Усаў, якія займаюць адрозную ад Ціханоўскай пазіцыю.

«Падрыхтоўкай прыёмаў і мастацкай часткі з беларускага боку традыцыйна займаецца прадстаўніцтва па нацыянальным адраджэнні Аб’яднанага пераходнага кабінета — цяпер гэта Ірэна Кацяловіч і Павел Баркоўскі. Спісы гасцей фармуюцца супольна польскім і беларускім бокам.

Няпростая задача беларускага боку — зрабіць спіс інклюзіўным, захаваць баланс і прадстаўніцтва, не пакрыўдзіць нікога і разам з тым даць магчымасць трапіць на прыём новым людзям.

Так, летась былі запрошаныя спартоўцы, сёлета — нядаўна вызваленыя палітвязні».

«Калі паглядзець на склад удзельнікаў па фотаздымках, то гаварыць пра нейкі фаварытызм не выпадае: на прыёме можна ўбачыць побач людзей, якія ў публічнай прасторы адкрыта канфліктуюць паміж сабой», — лічыць дарадца Ціханоўскай.

Ён дадае, што канчатковае рашэнне па спісе ўдзельнікаў застаецца за польскім бокам.

«Прапановы з беларускага боку далёка не заўсёды прымаюцца. У мінулыя гады мы, напрыклад, спрабавалі запрасіць некаторых прадстаўнікоў Офіса, але атрымлівалі адмову».

«Акрамя таго, пасля ўзгаднення спісаў усімі інстытуцыямі адбываецца праверка польскімі службамі бяспекі, што таксама скарачае колькасць запрошаных», — дадаў Вячорка.

«Давайце не сварыцца, а працаваць над тым, каб такіх мерапрыемстваў станавілася больш і каб у будучыні хапала месцаў усім», — піша ён. І адзначае, што варта быць удзячнымі Польшчы за тое, што яна прымае беларусаў і штогод робіць такое сімвалічнае свята.

Чытайце таксама:

Дзеячы эміграцыі пасварыліся з нагоды спісаў запрошаных на прыём да прэзідэнта Польшчы

Каментары да артыкула