БЕЛ Ł РУС

Трамп пагражае Кубе: Заключыце здзелку, пакуль не позна

11.01.2026 / 23:55

Nashaniva.com

«НА КУБУ БОЛЬШ НЕ БУДЗЕ ПАСТУПАЦЬ НІ НАФТЫ, НІ ГРОШАЙ — НУЛЬ!»

Фота: AP Photo/Alex Brandon

Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп зноў звярнуў сваю ўвагу на Кубу.

«Цягам многіх гадоў Куба жыла на вялікія аб'ёмы нафты і грошай з Венесуэлы. У сваю чаргу, Куба аказвала «паслугі бяспекі» двум апошнім венесуэльскім дыктатарам, але больш гэтага не будзе!» — напісаў Трамп у сваёй сацсетцы.

«Венесуэлу цяпер абараняюць Злучаныя Штаты Амерыкі, якія валодаюць самымі магутнымі ўзброенымі сіламі ў свеце (на сённяшні дзень!), і мы будзем абараняць іх. НА КУБУ БОЛЬШ НЕ БУДЗЕ ПАСТУПАЦЬ НІ НАФТЫ, НІ ГРОШАЙ — НУЛЬ! Я настойліва рэкамендую ім заключыць здзелку, ПАКУЛЬ НЕ СТАЛА ЗАНАДТА ПОЗНА», — дадаў Трамп.

Куба шмат гадоў атрымлівала нафту з Венесуэлы (і меней — з Мексікі). А кубінцы ўваходзілі ў склад асабістай аховы Нікаласа Мадура. Падчас амерыканскай аперацыі захопу Мадура былі забітыя 32 кубінцы.

Прэзідэнт Кубы Мігель Дыяс-Канель адрэагаваў на словы Трампа. «Куба — свабодная, незалежная і суверэнная краіна. Ніхто не дыктуе нам, што рабіць», — напісаў ён у X. «Тыя, хто ператварае ўсё ў бізнэс, нават чалавечыя жыцці, не маюць права ўказваць Кубе на што-небудзь, абсалютна ні на што».

Пра канкрэтныя планы наконт Кубы Трамп пакуль не казаў. Цікава, што цяперашні дзяржсакратар ЗША Марка Рубіа — сын кубінскіх мігрантаў.

Чытайце таксама:

Трамп пра Кубу: Я не думаю, што можна больш націснуць на Кубу, чым проста ўварвацца да іх і разнесці там усё

Куба даўно не жыла добра. Пры гэтым яе эканамічная мадэль і дэмаграфічнае падзенне моцна нагадвае лукашэнкаўскую. Ёй канец?

Трамп прыгразіў Кубе і Калумбіі

Захоп Мадура разбурыў міф пра непераможнасць кубінскай разведкі

Каментары да артыкула