Наўседа: Гандаль каштоўнасцямі непрымальны, Літва па-ранейшаму будзе блакаваць транзіт беларускіх угнаенняў
Прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа ў інтэрв'ю агенцтву BNS заявіў аб цвёрдым намеры адстойваць забарону на транзіт беларускіх калійных угнаенняў праз Клайпедскі порт, нягледзячы на магчымы ціск з боку ЗША. Паводле слоў кіраўніка літоўскай дзяржавы, любыя спробы абмяняць санкцыйную палітыку на палітычныя ці ваенныя выгады з'яўляюцца для яго прынцыпова непрымальнымі.
Прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа
Каментуючы рашэнне Вашынгтона зняць санкцыі з беларускіх угнаенняў у абмен на вызваленне палітвязняў, Наўседа падкрэсліў, што Літва не збіраецца ісці на саступкі ў гэтым пытанні.
«Ведаеце, для мяне каштоўнасная палітыка — гэта не пустое паняцце. Таму рабіць такія дзеянні [дазволіць транзіт] — гэта значыць гандляваць каштоўнасцямі, што для мяне абсалютна непрымальна», — заявіў прэзідэнт Літвы.
Наўседа адзначыў, што цяпер актыўна фармуецца «кааліцыя рашучых» сярод суседніх краін. У прыватнасці, гэтае пытанне абмяркоўвалася з прэм'ер-міністрамі Польшчы і Латвіі, а таксама з новым канцлерам Германіі Фрыдрыхам Мерцам. Паводле слоў літоўскага лідара, Мерц падтрымлівае пазіцыю Вільнюса і разумее мэтазгоднасць санкцый супраць рэжыму ў Беларусі.
Адказваючы на пытанне аб магчымасці аднаўлення транзіту ў абмен на павелічэнне амерыканскага ваеннага кантынгенту ў Літве ці накіраванне прыбытку ад транзіту ў абаронны бюджэт, Наўседа быў катэгарычны. Ён назваў такія развагі «непрымальнымі ў прынцыпе», дадаўшы, што рэжым санкцый ЕС у дачыненні да Беларусі застаецца ў сіле, і Брусель будзе прымаць рашэнне аб іх падаўжэнні ўжо ў лютым.