Беларуска здзейсніла рэкордны скачок з парашутам і дошкай
Вольга Навумава ўжо 15 гадоў займаецца скайсёрфінгам — гэта скачкі з парашутам, падчас якіх да ног спартсмена прымацоўваецца дошка, а ў свабодным падзенні выконваюцца розныя трукі.
Дзеля такіх эксперыментаў экстрэмалы ўздымаюцца на вялікую вышыню, і, як высветлілася, роўных Вользе няма. Нядаўна яна здзейсніла скачок з вышыні 6384 метры і была ўключана ў Кнігу рэкордаў Гінеса, піша Onliner.by.
Скачок адбыўся 10 лістапада 2025 года. Вольга на верталёце паднялася ў раёне Сьянгбочэ ў Гімалаях і з вышыні 6384 метры здзейсніла скачок.
Падчас рэкорднага скачку ёй давялося змагацца з моцным ветрам, аднак Вольга змагла ўтрымаць дошку пад кантролем і паспяхова раскрыць парашут. Прызямлілася яна на ўзлётна-пасадачнай паласе на вышыні 3766 метраў.
А некалькі дзён таму стала вядома, што Вольга афіцыйна ўключаная ў Кнігу рэкордаў Гінеса.
У невялікім каментары яна сказала, што з таго часу, як адкрыла для сябе скайсёрфінг, яе марай было здзейсніць унікальны скачок і тым самым натхніць дзяўчат ва ўсім свеце не баяцца і быць смелымі.