БЕЛ Ł РУС

Ананімы — гісторыі беларусаў, якім прыходзіцца шыфравацца, бо рэжым лічыць іх дзейнасць «крыміналам»

5.03.2026 / 10:00

Уля Залеская

Заставацца ананімамі ці то ў праяве салідарнасці, ці то абараняючы Украіну, ці то спяваючы ў хоры — рэальнасць для многіх беларусаў з 2020 года і па сёння, бо рэжым дагэтуль не даруе нікому сваю гучную паразу, утрымліваючы ўладу выключна на рэпрэсіях. Апошнія даўно набылі абсурдны характар: можна «прысесці» за тое, што чытаеш «не тыя» кнігі ці навіны, адпраўляеш пасылкі палітвязням, ставіш занадта смелыя спектаклі, носіш спалучэнне «не тых» колераў, ствараеш «не тую» музыку і нават «не тыя» ўпрыгожванні. У такіх умовах толькі малая частка людзей рызыкуе выступаць з адкрытым тварам і без псеўданімаў. Некаторыя ж не пагаджаюцца на размовы нават на ананімных умовах і з эміграцыі — такіх строгіх правілаў, напрыклад, трымаюцца экс-сілавікі з BelPol і Кіберпартызаны.

«Наша Ніва» пагутарыла з трыма беларусамі, якія вымушаныя працаваць і займацца творчасцю ананімна, каб не наклікаць бяду на сваіх блізкіх, што застаюцца ў Беларусі, і самазахавацца самім. Як гэта — быць заўсёды пад маскамі і пад прыкрыццём — у іх шчырых маналогах.

Вольны хор

Фота: «Наша Ніва»

Вольны хор з’явіўся ў жніўні 2020 года. Сталы калектыў вырас на базе першых акцый пратэсту, якія пачалі ладзіць музыкі Беларускай дзяржаўнай філармоніі. 25 жніўня 2020‑га хор зладзіў сваю першую спеўную акцыю і загучаў у ГЦ «Сталіца». Амаль адразу пачалося паляванне сілавікоў на артыстаў. Ужо ў 2021 годзе многія ўдзельнікі калектыву былі вымушаныя эміграваць праз пераслед. У 2024 годзе хор прызналі «экстрэмісцкім фармаваннем», таму нават за мяжой яны не могуць выступаць з адкрытымі тварамі.

Нядаўна Вольны хор выпусцілі новы альбом — гэта грунтоўная праца з 16 песень, якая атрымалася, нягледзячы на тое, што ўдзельнікі хору жывуць у розных гарадах і краінах. Музыкі працягваюць збірацца штотыдзень на рэпетыцыі і выязджаць на гастролі па ўсім свеце, дэманструючы, што пратэст супраць несправядлівасці і зла жыве нават у рэпрэсіўных умовах.

Алена, голас Вольнага хору

Фота: «Наша Ніва»

Алена — музыка па першай адукацыі: скончыла вучылішча ў Мінску і пасля выкладала ў школе сальфеджыа і музычную літаратуру. Пазней сышла ў бізнэс. Далучылася да Вольнага хору з першых выступаў ля сталічнай філармоніі. Была вымушаная пакінуць радзіму пасля серыі затрыманняў харыстаў і дваровых актывістаў. Працягвае спяваць у Вольным хоры і за мяжой. У мэтах бяспекі пра гэта ведае толькі муж і яшчэ пара блізкіх людзей.

— Я заўсёды была ў апазіцыі. Але ў такой, як у большасці беларусаў — у сваёй бурбалцы, са сваімі.

У 2020‑м сяброўка запрасіла мяне быць назіральнікам. Я тады, ведаеце, як і ўсе, адчула, што нешта магу. Мы, канечне ж, дадаткова хадзілі на маршы, адразу ж сабралі суполку ў нас на раёне. На маршах я спявала «Пагоню» і розныя такія духапад’ёмныя песні.

І аднойчы ля філармоніі сустрэла музыкаў, што спявалі там. Адразу ж падумала: «Божачкі, ну якое хараство, ну як гэта прыгожа. Ну сапраўдная рэвалюцыя ў нас, раз і дзяржустанова выйшла!» А нутро падказвала: «Леначка, хапай, лаві, удзельнічай і ты з імі. Адчуй сябе жывой, адчуй не амёбай!» Я падышла да іх і сказала, што, маўляў, таксама спяваю, магу партыі развучыць — і так да хору па выніку і далучылася. Крыху пазней папоўніць нашы шэрагі было ўжо куды складаней: трэба было праходзіць пяць ступеняў аўтэнтыфікацыі.

Спачатку мы выступалі ў медыцынскіх масках, усё ж — кавід. А чым менш вегетарыянскім рабіўся час, тым мы актыўней маскіраваліся: парыкі пачалі надзяваць, іншую вопратку, нейкія шапкі смешныя — заходзілі ў прыбіральні ГЦ, там пераапраналіся і зліваліся з натоўпам. Пазней з’явіліся фірмовыя балаклавы і байкі.

Для мяне ўсё гэта было культурнай формай пратэсту і адначасова сродкам, каб не з'ехаць з глузду. Каб адчуваць, што ты нешта можаш рабіць. Бо калі нашы пайшлі на Рыгу пасля выбараў — «на барыкады», — я адразу сказала, што лічу, што я буду там бескарыснай баявой адзінкай. Нас бы пашчоўкалі як арэшкі: тое, што мянты не з намі, было адразу зразумела.

А вось наколькі хор раздражняе «ўлады», я не адразу зразумела. Мне падавалася, што мы — як блазны на кірмашы. Ну такая вось творчасць настаўнікаў музыкі. Але потым прыйшло асэнсаванне, наколькі мы былі ім косткай у горле.

Асэнсаванне гэтае дайшло падчас акцыі ў оперным тэатры, вось тады я зразумела, што гэта ўсё па-сапраўднаму, што грамадства за намі актыўна сочыць і што ім падабаецца тое, што мы робім. Мы былі гэткімі культурнымі салдатамі — у розныя часы ў хоры ўдзельнічала больш за 300 чалавек.

На хвалі нашай папулярнасці арыштавалі нашу дырыжорку Галіну Казіміроўскую, а да адной з нашых рэпетыцыйных кропак аднойчы прыехалі бусікі — пачаўся вобшук у будынку. Але харысты настолькі дысцыплінаваныя былі ў плане бяспекі, што за пяць хвілін сабралі ўсе ноты, маскі, касцюмы, усё вычысцілі і эвакуяваліся праз розныя выхады — нібыта зноў растварыліся ў паветры. 

Пасля ўсяго гэтага я зразумела, што гэта ўсё сур'ёзна, што «песенькі» могуць мяне да турмы давесці — гульні скончыліся. Да таго ж забралі амаль усіх з чаціка нашага раёна, мянты папросту цёрліся ля майго пад’езда — прыйшоў час крыху стаіцца. Ішоў 2021 год, вясна, і я часова пераехала за горад, каб менш адсвечваць. У мяне там нават мабільная сувязь не лавіла — тое і выратавала, думаю.

З хорам жа мы запісвалі толькі анлайн-канцэрты (апошняя жывая акцыя прайшла на Камароўцы), плюс першыя групы пачалі выязджаць на выступы за мяжой. Я спачатку не разумела, навошта выступаць там — каму гэта трэба? «Мы вельмі занепакоеныя і выказваем спачуванне». Здавалася, што толькі ў Беларусі наша дзейнасць мела сэнс, а калі не атрымліваецца выступаць дома, давайце сыходзіць у падполле.

Але харысты, што паехалі на першыя канцэрты за мяжой, пасля не вярнуліся. На іх завялі крымінальныя справы (не за хор, але ва ўсіх хапала за што). Я сама таксама вырашылася з’ездзіць выступіць у замежжы, і як толькі выехала, была агаломшаная: а, дык нармальнае жыццё — гэта вось так? І адчуваць сябе ў бяспецы — гэта так? І я не захацела вяртацца (бацькі, канечне, гэтага не зразумелі).

Пра тое, што я спяваю ў «Вольным хоры», дагэтуль ведае толькі муж і яшчэ пара блізкіх людзей. У нас забаронена расказваць пра тое, што мы маем да яго дачыненне.

Спяваць у масцы вельмі складана і нязручна: твар заўсёды пацее. І ў ноты складана глядзець — маска закрывае ўвесь агляд, таму трэба вывучваць усё на памяць. А для мяне як для артысткі, канечне, вельмі важна, каб твар быў адкрытым. Гэта ж адзін з інструментаў, пры дапамозе якога мы перадаём нашы пачуцці, гэта наш кантакт.

Найбольш складана, калі яшчэ і дырыжор у масцы — гэта можна параўнаць з тым, калі б ты ехаў на машыне без бакавых люстэрак. Плюс, не буду хлусіць, любому творчаму чалавеку мінімальна хочацца нейкага прызнання. Але ў сённяшніх умовах канспірацыя важнейшая.

Полк Каліноўскага

Фота: «Наша Ніва»

Полк імя Кастуся Каліноўскага складаецца з беларускіх добраахвотнікаў, уваходзіць у склад Сілаў абароны Украіны. Быў створаны ў сакавіку 2022 года з мэтай абароны ад расійскага ўварвання. 

Добраахвотнікі Палка лічаць Расію агульным ворагам Беларусі і Украіны. Галоўная місія ваяроў — вызваленне Беларусі праз вызваленне Украіны.

25 верасня 2024 года Вярхоўны суд Беларусі прызнаў Полк Каліноўскага «тэрарыстычнай арганізацыяй». Толькі на пяцярых кіраўнікоў і ваяроў Палка суд завочна прызначыў 90 гадоў пазбаўлення волі, а таксама буйныя штрафы.

Алесь, вайсковец, абараняў Украіну ў складзе Палка Каліноўскага

Фота: «Наша Ніва»

61‑гадовы берасцеец Алесь у мінулым ваяваў у Афганістане. У Беларусі працаваў аператарам крана. У 2020‑м мужчыну кінулі на суткі за далучэнне да ўсеагульнага страйку. У 2021 годзе ён быў затрыманы, і па вызваленні з ІЧУ вырашыў пакінуць Беларусь. Як толькі пачалася вайна ва Украіне, адправіўся туды добраахвотнікам. 60‑годдзе сустрэў на баявых пазіцыях.

— Мае блізкія перасталі са мной размаўляць пасля таго, як я пайшоў ваяваць. Большасць людзей думае катэгорыямі «гэта не наша вайна». У кожнага свая зона камфорту. У каго кватэрка, у каго яшчэ што… Людзі будуць здавольвацца мінімумам, але для мяне гэта рабства. Ды і бяздзейнасць забівае ў такіх крытычных сітуацыях.

Я два гады адслужыў у інтэрнацыянальным батальёне, і калі б не праблемы са спінай, працягнуў бы. Цяпер я адчуваю сябе сапраўдным ваяром-інтэрнацыяналістам (пасля Палка пайшоў у Інтэрнацыянальны легіён). А ў Афганістане я быў акупантам.

У дзень вываду агрэсіўных акупацыйных савецкіх войскаў адтуль я заўсёды прашу ў іх народа выбачэнне. Гэта ўсё я, праўда, пазней асэнсаваў — паляцеў жа туды маладым, зялёным, і толькі таму, што хацеў вырвацца ад дзедаўшчыны ў арміі, куды напярэдадні прызвалі. Мы б усе куды заўгодна звалілі, каб не служыць у саўковай арміі: там такія страхі адбываліся.

Я, дарэчы, два разы галасаваў за Лукашэнку ў свой час. Але потым прасіў у Зянона Пазняка выбачэння: прызнаў сваю памылку. Ва ўсім цывільным свеце на два тэрміны прэзідэнта абіраюць, а Лукашэнка во забранзавеў.

У Афгане я навучыўся добра капаць акопы (там я служыў у сапёрным батальёне), і гэта мяне выратавала аднойчы ва Украіне, калі за два метры ад мяне прыляцела міна. Мяне тады толькі ўдарнай хваляй зачапіла. Калі б акоп быў дрэнны, мяне б ужо на свеце не было. Я ўдачлівы, выходзіць. Быў на дзвюх войнах — ні раненняў, ні кантузіі. Але загінуць было не так страшна, як маладому ў Афганістане: усё ж пажыў ужо, і не дарэмна.

Вайна — гэта цяжка. Яшчэ і моладзі не дысцыплінаванай сёння шмат, я іх стараўся перавыхоўваць паціху. Але скажу, што я сябе адчуваю сёння лепей, чым да Украіны. Мой фізічны стан лепшы (мне нават у 30 было горш, чым цяпер у 61 — я спакойна адціскаюся па 20 разоў, прысядаю). Ды і псіхалагічны стан палепшы. Можа, таму што я агулам люблю адрэналін і цяжкасці.

Даслужыўся да 60 і звольніўся сяржантам. Хацеў далей кантракт працягнуць, каб атрымаць грамадзянства Украіны ў будучыні, але спіна падвяла. Ды і, як пазней высветлілася, УСУ не падпісваюць кантрактаў з ваярамі з іншых краін, якім за 60. Сёння я працягваю працаваць на будоўлі ў польскай кампаніі — займаемся зараз узвядзеннем прыватнай паркоўкі.

Я трымаюся бяспекі, каб не нашкодзіць нікому з блізкіх. Хаця я сваім адразу прапаноўваў пераязджаць да мяне — ад працы жытло на першы час давалі, усё было б добра. Але яны выбралі свой шлях, а ў мяне ён іншы.

Амерыка і Захад першапачаткова кінулі Украіну, давалі мала зброі, таму ўсё так. А Пуцін пры гэтым вар’ят, усё закідвае мясам. Я ўсё роўна веру, што Украіна пераможа, хоць і не ведаю калі. Тады і мы вызвалімся хутка ад «рускага свету».

«Экстрэмісцкія» медыя

Фота: «Наша Ніва»

З 2021 года недзяржаўныя медыя ў Беларусі актыўна пачалі прызнаваць «экстрэмісцкімі матэрыяламі». Гэта было працягам выціскання з краіны свабоднага слова — у працяг збіццю на пратэстах, суткам і крымінальным справам супраць журналістаў. Лукашэнкаўскім чыноўнікам падаліся недастатковымі меры, якія ў тым ліку прывялі да эміграцыі людзей, які здабывалі для грамадства альтэрнатыўную інфармацыю, таму яны пачалі надаваць усім медыя экстрэмісцкі статус — каб беларусы перасталі іх чытаць і глядзець, паведамляць навіны, бо кожнае ўзаемадзеянне з журналістам пачало несці ў сабе рызыку арышту.

Валерыя, журналістка незалежнага выдання, прызнанага «экстрэмісцкім»

Фота: «Наша Ніва»

Мінчанка Валерыя ў журналістыцы з 2019 года. У той час яна яшчэ навучалася на журфаку, куды пайшла, бо са школы любіла людзей і пісаць. Яшчэ будучы вучаніцай, пачала супрацоўнічаць з рознымі моладзевымі выданнямі. «Яшчэ ў мяне было юнацкае максімалісцкае жаданне змяняць свет, рабіць нешта карыснае».

— Выданне, у якім я працую сёння, ужо пасля эвакуацыі за мяжу было прызнанае «экстрэмісцкім» (яшчэ раней частка супрацоўнікаў была арыштаваная). З таго самага моманту я пачала працаваць пад псеўданімам, бо мае сваякі ў сваёй большасці застаюцца ў Беларусі. Для іх мая датычнасць да «экстрэмісцкага фармавання» ўтварае прамую небяспеку.

У мяне два псеўданімы — я выбіраю, якім падпісаць тэкст, у залежнасці ад тэмы і фармату.

Пытанне прафесійнай самарэалізацыі для мяне адступіла на другі план. Жаданне заявіць пра сябе, прасоўваць як карэспандэнтку пад сваім імем для мяне не настолькі істотнае як бяспека людзей. Хаця, вядома, часам маё эга і славалюбства даюць пра сябе ведаць: вось ты напісала класны тэкст, яго абмяркоўваюць, а ніхто не ведае, што яго напісала менавіта ты — ну блін, як так!

Адзін раз было так, што мае знаёмыя наўпрост пры мне абмяркоўвалі мой матэрыял, а мне прыйшлося рабіць выгляд, што я не мела да яго дачынення.

Ты працягваеш трымацца правілаў гульні, таму што разумееш: такі сёння час. Калі ты хочаш заставацца ў прафесіі з мінімальнымі рызыкамі для блізкіх, каб нікога не падставіць, ты мусіш хавацца. Тым больш, да майго бацькі яшчэ ў 2022 годзе прыходзілі па іншай крымінальнай справе з ператрусам. Я не ведаю, што там канкрэтна за справа. Але і ўдакладняць не хочацца, калі шчыра.

Вядома, цалкам схавацца не атрымліваецца — у нашай прафесіі шмат чаго трымаецца на асабістых кантактах. Так ці інакш, мне прыходзіцца з кімсьці сустракацца, бачыцца, праводзіць інтэрв’ю анлайн… Але калі магчыма, я раблю гэта з выключанай камерай (ці толькі па тэлефоне голасам) і прадстаўляюся выключна псеўданімам (асабліва, калі размаўляю з кімсьці, хто знаходзіцца ў Беларусі ці бэкграўнд каго я не ведаю зусім). Нават не ўсе мае сваякі і знаёмыя ведаюць, дзе я працую.

Яны ў курсе, што я займаюся журналістыкай (усё ж я на журфаку вучылася). Але ў якім канкрэтна выданні — гэтага я не расказваю. Пры такім раскладзе ім нават не прыйдзецца хлусіць пра маю працу, калі іх раптам запытаюць. У мяне ёсць праца, ёсць на што жыць — гэтай інфы пра мяне ім дастаткова.

Вядома, нават так я не магу на 100% быць застрахаванай ад таго, што, напрыклад, нехта з маіх суразмоўцаў акажацца агентам. Але гэта тое, што я ўжо не магу ніяк пракантраляваць. Ды і калі пастаянна думаць, што кожны твой суразмоўца патэнцыйна завербаваны, лепш не працаваць у журналістыцы зусім.

Журналістыка для нас змянілася, тут нічога не зробіш. Вось не так даўно згубіўся ў Беларусі 14‑гадовы Максім Зяньковіч, і калі б мы працавалі дома, то, відавочна, паехалі б на месца падзей, паразмаўлялі б з валанцёрамі, сям’ёй… А ў эміграцыі ўсё, што ты можаш — проста неяк віртуальна паспрабаваць разабрацца ў сітуацыі, максімальна дасканала.

У нас стала менш магчымасцяў, менш рэпартажаў, эксклюзіваў, чалавечых кантактаў агулам. Стала складаней знаходзіць герояў — праз гэты «экстрэмізм» сёння не ўсе хочуць размаўляць з журналістамі нават ананімна. Наш варыянт журналістыкі вымушана абмежаваны. Але мне падабаецца, што мы не спыняемся і шукаем шляхі, каб выкручвацца з гэтых рэалій. Прыдумваем новыя фарматы, ідэі. Гэта вось як вада бяжыць, недзе плынь перакрылі, але яна ўсё адно знаходзіць куды далей выліцца.

І так, мы робім не класічную журналістыку, але падаецца, што ўсе беларускія [незалежныя] журналісты сталі за апошнія больш кваліфікаваныя, чым нашы замежныя калегі, проста таму, што для таго, каб зрабіць самую простую навіну, нам зараз трэба прыкласці ў разы больш намаганняў.

Часам у мяне назіраецца нешта кшталту стомленасці і неразумення будучыні: ты пастаянна балансуеш паміж двух сусветаў — краіны, пра якую пішаш, і краіны, у якой жывеш. Часам задумваешся: можа, нарэшце, спыніцца і сканцэнтравацца выключна на праблемах і навінах актуальнага месца жыхарства? Але спыняе тое, што ў журналістыцы зараз і так засталося не так шмат калег, а нам трэба супрацьстаяць прапагандзе. А яшчэ я рэальна больш нічога не ўмею (пасміхаецца).

Пакуль мы патрэбныя, пакуль нас чытаюць беларусы, будзем нешта рабіць.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула