У загінулай у Сляпянцы дзяўчыне апазналі Яну Кастранкову
Паведамленне пра тое, што Яна Кастранкова загінула, з'явілася на старонцы пошукавага атрада «Анёл».
«Кастранкова Яна Юр'еўна знойдзеная. Выказваем спачуванні родным і блізкім загінулай», — піша пошукавы атрад «Анёл».
Раней Следчы камітэт паведаміў, што адзенне дзяўчыны, якую знайшлі сёння ў вадаёме Сляпянскай воднай сістэмы, па знешніх прыкметах падобнае да таго, у якое была апранутая зніклая незадоўга да таго Яна Кастранкова.
Карта месцаў, дзе апошні раз бачылі Яну і дзе знайшлі яе цела. Калаж: «Наша Ніва»
Сувязь з дзяўчынай знікла 30 снежня 2025 года. Яна жыла ў «Маяку Мінска».
Маці Яны пісала ў сацсетках, што апошні раз тэлефон яе дачкі быў зафіксаваны ў той дзень у 18:27 побач з паркам Чалюскінцаў. Жанчына казала, што размаўляла з дачкой у дзень знікнення прыблізна ў 14:30. Тая казала, што, імаверна, прыйдзе да бацькоў сустракаць Новы год.
Дзякуючы гарадскім камерам атрымалася высветліць толькі тое, што ў 16:30 Яна заходзіла ў «Дана Мол», а пасля сустракалася з жанчынай ля метро «Уручча». Тая жанчына была ўладальніцай кватэры, якую Яна хацела арандаваць, але перадумала — ля метро жанчына вярнула ёй задатак.
Cкрыншоты відэа з камер назірання, выкладзенага ў сацсеткі. Знята яно 30 снежня каля 14.00. Яна заходзіць у пад'езд свайго дома (вул. К. Тураўскага, 14).
12 студзеня ў вадаёме Сляпянскай воднай сістэмы знайшлі цела дзяўчыны. У загінулай апазналі Яну.
Як аказалася, цела дзяўчыны знайшлі ў вадзе прыкладна за адзін кіламетр ад парка Чалюскінцаў, дзе яе тэлефон зафіксавалі апошні раз.
Яна Кастранкова. Фота з яе сацсетак
21‑гадовая Яна Кастранкова, мяркуючы па сацсетках, працавала фатографкай. Гэта дачка Юрыя Кастранкова, дырэктара ААТ «Агра-Ляскавічы» (гаспадарка ўваходзіць у структуру Кіраўніцтва справамі прэзідэнта). Юрыя прызначылі на пасаду летась у лютым 2025 года. Пару месяцаў таму ён даваў справаздачу Лукашэнку, які вырашыў наведаць агракомплекс ва ўзорным аграгарадку ў Петрыкаўскім раёне.
Чытайце таксама:
У Сляпянцы знайшлі патанулую дзяўчыну
У цэнтры Мінска таямніча знікла дачка дырэктара буйнога агракомплексу