БЕЛ Ł РУС

Расійская разведка рэзка наехала на канстанцінопальскага патрыярха

12.01.2026 / 22:36

Nashaniva.com

Расійская Служба знешняй разведкі выступіла з рэзкай заявай на адрас кіраўніка Канстанцінопальскага патрыярхату Варфаламея, назваўшы яго «антыхрыстам у расе» і абвінаваціўшы ў раскольніцкай дзейнасці. У афіцыйным прэс-рэлізе сцвярджаецца, што ён нібыта «раздрабніў праваслаўную Украіну», а цяпер скіроўвае сваю дзейнасць на краіны Балтыі, піша The Moscow Times.

Патрыярх Варфаламей

Паводле СЗР, Варфаламей, якога ў дакуменце таксама называюць «д’яблам ува плоці», імкнецца выціснуць расійскае праваслаўе з Літвы, Латвіі і Эстоніі, ствараючы там царкоўныя структуры, падпарадкаваныя Канстанцінопалю. У расійскай разведцы заяўляюць, што ў гэтым яго падтрымліваюць брытанскія спецслужбы, улады балтыйскіх дзяржаў, а таксама мясцовыя нацыяналісты і неанацысты.

СЗР сцвярджае, што патрыярх спрабуе адарваць праваслаўныя цэрквы Літвы, Латвіі і Эстоніі ад Маскоўскага патрыярхату, пераманьваючы святароў і вернікаў у, як сказана, штучна створаныя маргінальныя рэлігійныя структуры.

Акрамя таго, ў заяве гаворыцца пра намер Варфаламея надаць аўтакефалію Чарнагорскай праваслаўнай царкве, што, на думку спецслужбы, павінна аслабіць Сербскую праваслаўную царкву. Прэс-рэліз завяршаецца цытатай з Нагорнай пропаведзі пра ілжэпрарокаў, якія прыходзяць «у авечай шкуры, а ўнутры — драпежныя ваўкі».

Варфаламей з’яўляецца кіраўніком Канстанцінопальскага патрыярхату і носіць тытул архіепіскапа Канстанцінопаля — Новага Рыма і Усяленскага патрыярха. У 2019 годзе ён надаў аўтакефалію Праваслаўнай царкве Украіны, што выклікала рэзкае непрыманне з боку Рускай праваслаўнай царквы. Пасля пачатку поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну 24 лютага 2022 года патрыярх Варфаламей публічна асудзіў агрэсію.

Чытайце таксама:

Патрыярх Варфаламей настойвае на адзінай даце Вялікадня

У Літве зацвердзілі незалежную ад Масквы праваслаўную царкву. Сярод святароў — двое беларусаў

Канстанцінопальскі патрыярхат падпісаў пагадненне з Літвой. Яно тычыцца і беларускіх вернікаў

Каментары да артыкула