Памятаеце беларуску, якая жыла і вяла бізнэс у Літве, але ненавідзела краіну? Даведаліся, што з фанаткай Лукашэнкі цяпер
Як склаўся лёс Карыны Монд, якая летась трапіла ў скандал у Літве?
Карына Монд. Фота: сацсеткі
Нагадаем: летась беларуска абразіла ўкраінку, якая вядзе паблік пра падзеі ў Вільні «Нужный справочник Вильнюса». Хутчэй за ўсё адбылося гэта выпадкова: Карына хацела пераслаць сторыс са сваім абразлівым каментаром камусьці з сябровак, але пераслала ўкраінцы.
Пасля гэтага Карына Монд атрымала сваю хвіліну славы (і хэйту) у сацыяльных сетках.
Высветлілася, што ў 2019 годзе беларуска выйшла замуж за літоўца і асела ў Вільні. Тут займалася бізнэсам: мела сваю б’юці-школу, у якой вучыла дзяўчат на майстраў манікюру і педыкюру. Таксама Карына прадавала ўсё неабходнае для манікюршчыц.
Пры гэтым, мяркуючы па сацыяльных сетках, жыццё ў Літве для яе было суцэльным пеклам — раздражнялі жанчыну нават мясцовыя кліенты. Сваю злосць Карына тлумачыла так: «Я зразумела: нервова-прыпадкавай я станаўлюся, толькі калі перасякаю пярдзянскую мяжу» (так жанчына называла літоўскую мяжу).
Карына ездзіла ў Беларусь, каб разам з сяброўкай-прапагандысткай Кацярынай Забянько схадзіць на фінал лукашэнкаўскага «Марафону адзінства» ў «Мінск-Арэну».
Жанчына замілоўвалася выступам Колі Лукашэнкі: «Коленька. Ганаруся. А што ўмее сын ВАШАГА прэзідэнта?». А ад з'яўлення Лукашэнкі-старэйшага яна, здаецца, адчула кульмінацыю патрыятычных пачуццяў: «І тут я паварочваюся. А Бацька проста побач стаіць, родненькі, проста ў праходзе. Проста побач-побач».
Калі адна з падпісчыц спытала, ці крута жыць на дзве краіны, Карына адказала: «Крута, калі абедзве краіны класныя. Але вось Літва ў параўнанні з Мінскам — сяло ў тундры з неадэкватнымі людзьмі. Таму хутчэй дзіўна — ты быццам падарожнічаеш у часе. Ну а цяжка — не, калі ты любіш падарожнічаць».
Цяпер жа Карына жыве ў Мінску, бо зразумела, што жыць можа толькі на радзіме (але трэба адзначыць, што пераезд яна планавала яшчэ да скандалу). Працу ў б'юці-сферы кінула. У інстаграме пазначана, што з бізнэсу яна вырашыла пайсці ў хатнія гаспадыні.
Але ж гэта не зусім так: 47‑гадовая Карына спрабуе працаваць як фатографка і кажа, што дапаможа спецыялістам ці брэндам стварыць кантэнт для сацсетак. Індывідуальныя фотасесіі яна таксама робіць.
Летась яшчэ летам жанчына рэкламавала сябе як фатографку ў Мінску і Вільні — але ў выніку з варыянтаў засталася толькі беларуская сталіца. За 120 рублёў яна абяцала аддаць усе зыходныя фатаграфіі плюс 20 апрацаваных: «Кліент плаціць і замаўляе попу і грудзі таго размеру, якога хоча».
Цяпер жа, як расказалі «Нашай Ніве» знаёмыя Карыны, яна больш не можа ездзіць у Вільню, бо ўжо не мае літоўскага дазволу на жыхарства.
Чытайце таксама:
«Хахлуша канал вядзе». Фанатка Лукашэнкі абразіла ўкраінку і палівае брудам Літву, дзе сама працуе
Андрэя Павука, які трапіў у Літве ў моўны скандал, звольнілі
Прэзідэнт Літвы пазбавіў палітыка, які нядаўна ездзіў у Мінск, дзяржаўнай узнагароды