БЕЛ Ł РУС

Бяляцкі заклікаў свет умяшацца ў сітуацыю ў Іране

13.01.2026 / 18:00

Nashaniva.com

Нобелеўскі лаўрэат прэміі міру і кіраўнік праваабарончага цэнтра «Вясна» Алесь Бяляцкі, які і сам яшчэ нядаўна знаходзіўся ў зняволенні за сваю праваабарончую дзейнасць, падтрымаў пратэстоўцаў у Іране і заклікаў міжнародныя арганізацыі прыкласці ўсе намаганні для спынення гвалту з боку іранскага рэжыму, піша «Вясна».

Алесь Бяляцкі. Фота: AP Photo / Mindaugas Kulbis

«З вялікім непакоем і спадзяваннем увесь свет назірае за тым, што сёння адбываецца ў Іране. Дзесяцігоддзямі краіна знаходзіцца пад поўным кантролем таталітарнага радыкальнага ісламскага кіраўніцтва. У краіне адсутнічаюць свабода і дэмакратыя. Дзясяткі тысячаў палітзняволеных прайшлі праз іранскія турмы, у тым ліку нобелеўская лаўрэатка прэміі міру Наргіз Махамадзі.

Вось жа зараз іранскі народ паўстаў. У краіне адбываюцца шматлікія акцыі пратэсту супраць бядотнага эканамічнага становішча і адсутнасці свабодаў. У адказ улады выключылі інтэрнэт і ўжылі жорсткія меры пакарання пратэстоўцаў. Тысячы людзей арыштаваныя, катаваныя. Паліцыя ды іншыя мілітарныя падраздзяленні расстрэльваюць мірныя мітынгі і сходы. Колькасць ахвяраў, сярод якіх жанчыны і дзеці, па паведамленнях іранскіх праваабаронцаў, ідзе на тысячы.

У гэтай крытычнай сітуацыі я захапляюся мужнасцю пратэстоўцаў у Іране, якія, нягледзячы на смяротную небяспеку, выступаюць за свае правы і справядлівасць. Я заклікаю ўсе міжнародныя арганізацыі, урады дэмакратычных краін прыкласці ўсе намаганні для спынення гвалту з боку іранскіх уладаў да мірных пратэстоўцаў. Я заклікаю іранскія ўлады пачуць голас народу і пачаць перамовы з дэманстрантамі.

Свет павінен спыніць рэкі крыві, якія затапілі вуліцы іранскіх гарадоў!», — заявіў Алесь Бяляцкі.

У Іране 28 снежня распачаліся масавыя пратэсты супраць урада краіны. Амаль адразу ўлады пачалі жорсткае падаўленне пратэстаў, у выніку чаго загінулі, па звестках Reuters, не менш за 2000 чалавек. Апроч гэтага, па папярэдняй інфармацыі, больш за 10 000 чалавек былі арыштаваныя.

Чытайце таксама:

МЗС Беларусі выступіла з заявай наконт сітуацыі ў Іране

Вярхоўны лідар Ірана апублікаваў старыя фота пад выглядам новых мітынгаў у падтрымку ўлады

«Яму фактычна канец». Канцлер Мерц заявіў, што рэжым аятол у Іране наблізіўся да краху

ЗША ўзважваюць наступны крок у дачыненні да Ірана — і сутыкаюцца са складаным выбарам

Уладзімір Зяленскі заклікаў свет дапамагчы народу Ірана зрынуць рэжым аятол

«Яны проста працягвалі забіваць». Што відавочцы кажуць пра крывавае падаўленне пратэстаў у Іране

Іранскія ўлады навязваюць кантакты з кіраўніцтвам ЗША

Каментары да артыкула