БЕЛ Ł РУС

Чым цяперашнія пратэсты ў Іране адрозніваюцца ад папярэдніх

13.01.2026 / 20:11

Nashaniva.com

Самыя масавыя за апошнія тры гады антыўрадавыя пратэсты ў Іране дасягнулі стадыі, якой не было за ўсю 47‑гадовую гісторыю Ісламскай Рэспублікі. Ці змогуць яны пахіснуць пазіцыю іранскіх уладаў — пакуль незразумела, але ўжо відавочна, што цяперашнія выступленні адрозніваюцца ад папярэдніх, піша Бі-бі-сі.

Аўтамабіль з экранам, на якім паказваюцца сын апошняга шаха Ірана Рэза Пехлеві і прэзідэнт ЗША Дональд Трамп, праязджае міма дэманстрацыі ў падтрымку пратэстаў у Іране каля будынка брытанскага парламента ў Лондане. Фота: AP Photo/Kin Cheung

У пратэстоўцаў упершыню з'явіўся хоць і сімвалічны, але лідар – ім стаў Рэза Пехлеві, сын апошняга зрынутага шаха Ірана. ЗША ў асобе прэзідэнта Дональда Трампа ўважліва сочаць за пратэстамі і ўжо неаднаразова пагражалі ўмяшацца. Акрамя таго, пазіцыя Ірана як рэгіянальнай дзяржавы аслабла пасля вайны з Ізраілем і бамбаванняў ЗША ў чэрвені мінулага года.

Пратэсты пачаліся 28 снежня ў Тэгеране і амаль адразу перакінуліся на іншыя гарады. Падставай для масавай незадаволенасці сталі рэзкі рост цэнаў і падзенне курсу іранскага рыяла ў дачыненні да даляра ЗША: за год амерыканская валюта падаражэла прыкладна на 80%.

Эканамічныя лозунгі хутка ператварыліся ў палітычныя — аж да патрабавання наогул ліквідаваць Ісламскую Рэспубліку і аднавіць манархію. Колькі менавіта людзей выйшлі на акцыі пратэсту, праверыць складана — Бі-бі-сі і іншыя міжнародныя СМІ пазбаўленыя магчымасці працаваць на тэрыторыі Ірана. Акрамя таго, іранскія ўлады, спрабуючы здушыць пратэст, адключылі ў краіне інтэрнэт, што дадаткова ўскладняе збор і праверку інфармацыі.

Але, па розных даных відавочцаў і экспертаў, цяперашнія выступленні па маштабе пераўзыходзяць папярэднія. Сацыёлаг-даследчык Элі Харсандфар адзначае ў размове з Бі-бі-сі, што мітынгі распаўсюдзіліся і на невялікія населеныя пункты, «назвы якіх многія людзі, магчыма, ніколі не чулі».

Папярэднія масавыя выступы ў Іране былі хоць і шматлікія, але не такія маштабныя. У 2009 годзе іранцы пратэставалі супраць меркаваных фальсіфікацый на выбарах. Пратэсты ўзначалілі кандыдаты, якія прайгралі, утварыўшы так званы «зялёны рух». Рухаючай сілай пратэсту стаў сярэдні клас. Нягледзячы на вялікі размах, ён быў засяроджаны ў буйных гарадах. Іншыя буйныя пратэсты ў 2017 і 2019 гадах былі абмежаваныя пераважна беднымі раёнамі.

Найбольш падобнымі да цяперашніх былі пратэсты 2022 года, якія ўспыхнулі пасля смерці Махсы Амін. Яе затрымала паліцыя маралі за «няправільнае» нашэнне хіджаба. Тады Іран ахапіла самая вялікая хваля пратэстаў з часоў Ісламскай рэвалюцыі 1979 года, але ўрэшце ўлады яе задушылі.

Несістэмны пратэст і сімвалічны лідар

У пратэстаў 2022 года не было лідара, і таму яны хутка згаслі. На лідарства ў цяперашніх прэтэндуюць фігуры, якія знаходзяцца за мяжой і якія спрабуюць іх накіроўваць, перш за ўсё гэта Рэза Пехлеві, сын зрынутага ў 1979 годзе шаха.

Ён абвясціў сябе шахам, калі быў у выгнанні ў ЗША. Яго актыўнасць часткова тлумачыць тое, чаму пратэсты ўсё яшчэ працягваюцца.

«Ключавое адрозненне гэтага пратэсту ў тым, што гэта ўпершыню той самы несістэмны пратэст, які мае лідара. Прычым гэты лідар, магчыма, больш сімвалічны нават, бо ён сядзіць у Злучаных Штатах і, вядома, не можа нармальна каардынаваць дзеянні на месцах. І ён здолеў мабілізаваць насельніцтва на палітычнае дзеянне. Такога не было ніколі», — расказвае Бі-бі-сі іраніст, усходазнаўца і аўтар тэлеграм-канала «Ісламізм ад замежнага агента» Мікіта Смагін.

Пехлеві актыўна заклікаў іранцаў выходзіць на вуліцы, і людзі ахвотна дзяліліся заклікамі. Маладыя іранцы ў сацыяльных сетках ускосна падштурхоўваюць адзін аднаго да ўдзелу ў дэманстрацыях. Дэманстранты выкрыкваюць яго імя, раздаюцца заклікі да вяртання дынастыі Пехлеві.

Маштабы нядаўніх пратэстаў у такіх гарадах, як Тэгеран, можна лічыць доказам эфектыўнасці заклікаў Пехлеві. Аналітыкі адзначаюць, што прысутнасць вядомай апазіцыйнай фігуры, відавочна, умацавала адчуванне таго, што ў выпадку падзення цяперашняга ўрада існуе патэнцыйная альтэрнатыва.

Зрэшты, іншыя эксперты лічаць, што гэтыя праявы падтрымкі Пехлеві не абавязкова азначаюць, што іранцы хочуць аднаўлення манархіі. Хутчэй, гэта праява адчайнай патрэбны ў любой альтэрнатыве рэлігійнаму праўленню, асабліва на фоне адсутнасці ўнутры краіны прыкметных свецкіх апазіцыйных лідараў.

«Смерць дыктатару»

Як і ў 2022 годзе, пратэсты мелі канкрэтную нагоду — але абурэнне перарасло ў патрабаванне глыбокіх сістэмных зменаў.

«Рух 2022 года пачаўся з «жаночага пытання». Але ў ім знайшлі адбітак і іншыя незадаволенасці… Пратэсты снежня 2025 года пачаліся з праблем, якія, на першы погляд, выглядалі эканамічнымі, але за вельмі-вельмі кароткі час на пратэстах прагучалі большыя патрабаванні», — кажа сацыёлаг Харсандфар.

У канцы снежня кірмашовыя гандляры ў цэнтры Тэгерана абвясцілі страйк у адказ на рэзкія ваганні курсу іранскага рыяла да амерыканскага даляра. Пратэсты распаўсюдзіліся на найбяднейшыя рэгіёны краіны на захадзе. Як і ў 2022 годзе, аднымі з эпіцэнтраў сталі правінцыі Ілам і Лурыстан.

У канцы года на вуліцах былі ўжо тысячы людзей, а мільёны іранцаў — уключаючы прадстаўнікоў сярэдняга класа — сутыкнуліся з цяжкім эканамічным крызісам і імклівым ростам коштаў.

Усходазнаўца Мікіта Смагін называе сярод галоўных праблем іранскіх уладаў эканоміку і кажа, што людзі перасталі верыць цяперашнім кіраўнікам.

«За апошнія восем гадоў адбываецца планамернае, паслядоўнае збядненне насельніцтва. Улада не змагла стварыць мадэль, якая б забяспечвала эканамічны росквіт, эканамічную стабільнасць».

Удзельнікі вулічных маршаў скандуюць «Смерць дыктатару!», патрабуючы адхілення вярхоўнага лідара Ірана аяталы Алі Хаменеі і рэжыму, які ён узначальвае.

Пагрозы Трампа

Яшчэ адзін фактар, які адрознівае гэтыя пратэсты нават ад пратэстаў 2022 года, — гэта ЗША. У адрозненне ад папярэдніх пратэстаў, цяперашнія дэманстрацыі відавочна маюць падтрымку Белага дома. Дональд Трамп прыгразіў атакаваць пазіцыі ўрадавых сіл у падтрымку пратэстоўцаў — такога раней ніколі не здаралася.

У 2009 годзе, калі адбываліся пратэсты супраць фальсіфікацый на прэзідэнцкіх выбарах, іх удзельнікі скандавалі: «Абама, Абама, ці ты з імі, ці з намі!» Барак Абама, які тады быў прэзідэнтам ЗША, пазней выказваў шкадаванне, што не падтрымаў пратэстоўцаў больш адкрыта.

Прэзідэнт Ірана Масуд Пезешкіян заявіў, што дэманстрацыямі маніпулююць «ворагі Ірана». Аднак праблема для іранскіх уладаў палягае яшчэ і ў тым, што цяпер у краіны менш саюзнікаў, чым было ў апошнія гады, і пазіцыі Ірана як рэгіянальнай дзяржавы аслаблі.

Іранскія ўлады страцілі ключавых партнёраў: Башара Асада скінулі з пасады прэзідэнта Сірыі, а «Хезбала» ў Ліване істотна аслабленая ў выніку ваенных дзеянняў Ізраіля.

Страчаны шанец на згуртаванне нацыі і пагроза новых пратэстаў

Незадоўга да цяперашніх пратэстаў была 12‑дзённая вайна з Ізраілем і амерыкана-ізраільскія ўдары па Іране. На думку журналіста Абаса Абдзі, урад Ірана не змог скарыстацца шанцам, каб сфармаваць пасля гэтых падзей адчуванне салідарнасці і згуртаванасці сярод насельніцтва.

Некаторыя эксперты нават лічаць, што такі сур'ёзны ўдар па ўзброеных сілах разбурыў арэол і прэстыж Корпуса вартавых ісламскай рэвалюцыі як галоўнага вайсковага інстытута краіны ў вачах іранцаў.

Сацыёлаг Харсандфар бачыць у цяперашніх пратэстах устойлівы зрух у паводзінах людзей, асновы якога былі закладзеныя ў 2022 годзе: тры гады таму ў інтэрв'ю многія жанчыны казалі ёй, што іх галоўным дасягненнем стала тое, што знік страх перад рэпрэсіўнай дзяржавай.

У цяперашніх пратэстаў, як кажа іраніст Мікіта Смагін, усё яшчэ не хапае структуры, а ў сіл кіроўнага рэжыму значна больш магчымасцяў для задушэння, чым у пратэстоўцаў для супраціву. Але, па словах эксперта, нават калі цяперашнія пратэсты будуць задушаныя, новыя не прымусяць сябе доўга чакаць.

«Пратэсты могуць зноў успыхнуць з новай сілай. Уладам давядзецца далей жыць у краіне, дзе прыкладна 80% насельніцтва цябе не проста не любяць, а ненавідзяць і люта ненавідзяць», — кажа эксперт пра сістэмны крызіс Ісламскай Рэспублікі.

Чытайце таксама:

Тегеран слаб как никогда: протесты в стране и угрозы Трампа сделали ситуацию для властей Ирана очень серьезной

Масавыя пратэсты ў Іране працягваюцца. Пратэстоўцы заклікаюць да звяржэння аяталы Алі Хаменеі і вяртання Рэзы Пехлеві

Сын апошняга шаха. Хто такі Рэза Пехлеві, чые імя выкрыкваюць паўстанцы іранцы

«Яму фактычна канец». Канцлер Мерц заявіў, што рэжым аятол у Іране наблізіўся да краху

Вярхоўны лідар Ірана апублікаваў старыя фота пад выглядам новых мітынгаў у падтрымку ўлады

ЗША ўзважваюць наступны крок у дачыненні да Ірана — і сутыкаюцца са складаным выбарам

Каментары да артыкула