Хто з беларусаў трапіў на прыём да прэзідэнта Польшчы ШМАТ ФОТА
У варшаўскім палацы Бельведэр 13 студзеня прайшоў калядны прыём у прэзідэнта Польшчы Караля Наўроцкага. На яго па традыцыі запрасілі прадстаўнікоў беларускай дыяспары.
Госці прыёму. Фота тут і далей: LookByMedia
Сярод гасцей былі беларускія палітыкі, былыя палітвязні, дзеячы культуры, журналісты і іншыя прадстаўнікі грамадскай супольнасці.
Апроч Святланы Ціханоўскай і яе дарадцаў Франака Вячоркі і Дзяніса Кучынскага, былі таксама кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка, «міністарка эканомікі» ў Аб'яднаным пераходным кабінеце Аліса Рыжычэнка, віцэ-спікерка Каардынацыйнай рады Ліза Пракопчык.
Прадстаўнікі «Белпола» Уладзімір Жыгар і Мацвей Купрэйчык таксама сталі гасцямі ў Бельведэры.
Можна было заўважыць лідара «Еўрапейскай Беларусі», кандыдата ў прэзідэнты — 2010 Андрэя Саннікава і галоўную рэдактарку «Хартыі-97» Наталлю Радзіну.
Запрасілі нядаўна вызваленых палітвязняў — рэдактарку Марыну Золатаву, адваката Максіма Знака (ён для прыёму абраў вышыванку), журналістку Ксенію Луцкіну.
Журналіст «Еўрарадыё» Зміцер Лукашук падарыў Каралю Наўроцкаму сваю кнігу. Сярод запрошаных таксама блогер Глеб Сямёнаў (адзін з вядучых папулярнага ютуб-шоу «О(б)суджаем» прыйшоў у прыгожым пінжаку з валошкамі), Максім Паршута і Кірыл Жаўток, якія запусцілі падкаст «Зроблена ў Польшчы», аналітык Арцём Шрайбман, сацыёлаг Рыгор Астапеня.
Максім Паршута і Кірыл Жаўток
Фота: сторыс інстаграма Глеба Сямёнава
Купалавец Алег Гарбуз і акторка ды выдаўца аўдыякніг Крысціна Дробыш, якія пасля 2020 года вымушаны былі пераехаць за мяжу, былі вядоўцамі культурнай часткі прыёму.
Быў таксама адвакат Ілля Салей і кіраўнік Моладзевага хаба ў Варшаве Алесь Лапко.
У першым шэрагу можна было заўважыць Марыну Гірын і Яўгена Бурага, заснавальнікаў Асацыяцыі беларускага бізнэсу за мяжой ABBA. «Калі б у мяне была такая опцыя — адмовіцца ад удзелу на карысць іншага (напрыклад, палітвязня) — я б з задавальненнем гэта зрабіў. Але яе не было», — пісаў пару дзён таму Буры, калі разгарэлася дыскусія вакол спісаў запрошаных.
Выступленне калядоўшчыкаў на прыёме
Скрыншот трансляцыі: Kancelaria Prezydenta RP / Facebook
Ідэя калядных прыёмаў у прэзідэнта Польшчы з’явілася напрыканцы 2021 года, калі прэзідэнт Анджэй Дуда прапанаваў Ціханоўскай правесці супольнае мерапрыемства для беларусаў у Польшчы. Пры Наўроцкім традыцыя засталася.
Чытайце таксама:
Дзеячы эміграцыі пасварыліся з нагоды спісаў запрошаных на прыём да прэзідэнта Польшчы
Крыніцы: Усава і Краўцова выкраслілі польскія службы. З Дзікавіцкім іншая сітуацыя