За наступную пяцігодку ў Беларусі плануюць абнавіць чыгуначны транспарт і рачны флот
У Беларусі падрыхтавалі дзяржаўную праграму развіцця транспартнай інфраструктуры на 2026—2030 гады. Яе прадставіла Міністэрства транспарту і камунікацый. Праграма прадугледжвае маштабнае абнаўленне ўсіх відаў транспарту і рэалізацыю важных інфраструктурных праектаў.
Здымак ілюстрацыйны. Фота: «Наша Ніва»
На працягу найбліжэйшых пяці гадоў на гэтыя мэты плануецца накіраваць каля 8 мільярдаў рублёў.
Праграма ўключае чатыры падпраграмы — чыгуначную, аўтамабільную і гарадскога пасажырскага транспарту, водную і паветраную. Асноўныя задачы — абнаўленне рухомага саставу, паляпшэнне якасці і даступнасці транспартных паслуг, развіццё інфраструктуры, а таксама павышэнне эфектыўнасці працы рачнога і авіяцыйнага транспарту.
Улады збіраюцца набыць каля 3,5 тысяч адзінак аўтамабільнага і гарадскога пасажырскага транспарту, абнавіць чыгуначны і авіяпарк, а таксама мадэрнізаваць рачны флот. Усяго запланавана 27 мерапрыемстваў, з якіх 19 — інфраструктурныя праекты.
Сярод ключавых ініцыятыў — арганізацыя хуткаснага чыгуначнага злучэння з Нацыянальным аэрапортам Мінск, будаўніцтва трэцяй лініі Мінскага метро, узвядзенне трамвайнай лініі ў Наваполацку і рэканструкцыя трамвайных шляхоў у Віцебску. Таксама працягнецца мадэрнізацыя гідравузлоў на Дняпроўска-Бугскім канале ў Брэсцкай вобласці.
За папярэднюю пяцігодку (2021—2025), як адзначаецца, было перавезена 8,2 мільярда пасажыраў, абноўлена больш за 2,5 тысячы адзінак транспарту. У тым ліку набылі тры шырокафюзеляжныя самалёты Airbus A330, электрацягнікі, цеплавозы, тысячы грузавых вагонаў, адкрылі новыя станцыі метро і адрамантавалі гідравузлы.
На новую пяцігодку пастаўлена яшчэ больш амбіцыйная мэта — перавезці 9,3 мільярда пасажыраў.
Чытайце таксама:
На беларускай чыгунцы зламаўся чарговы цягнік
Паміж Мінскам і Масквой запусцяць начныя безупынныя «Ластаўкі»
Чыгунка лімітавана выпусціла новыя сувеніры: ад фірменных падстаканнікаў да флэшак-вагонаў