БЕЛ Ł РУС

«Вынес апраўдальны прысуд — можаш перастаць быць суддзёй». Адвакат патлумачыў, чаму ў Беларусі так дрэнна з правасуддзем

15.01.2026 / 9:0

Вінцэсь Клепачэня

Адвакат Дзмітрый Лепрэтар, які ў свой час абараняў галоўнага абвінавачанага па справе аб тэракце ў мінскім метро, у новым выпуску ТОКу расказаў, чаму суддзі, якія вывучалі адны і тыя ж законы, дзейнічаюць па-рознаму і як іх кар’ера залежыць ад апраўдальных прысудаў.

Паводле назіранняў Дзмітрыя Лепрэтара, большасць беларускіх суддзяў — гэта былыя сакратары судовых пасяджэнняў, якія пазней атрымлівалі вышэйшую адукацыю, павышалі кваліфікацыю і ў выніку прызначаліся на пасады.

Як зазначае Лепрэтар, сам ён ніколі не разглядаў сябе ў гэтай ролі.

«Для таго каб стаць суддзёй, трэба мець пэўны склад розуму і характару, а гэта наогул не мая гісторыя», — тлумачыць адвакат.

Чаму юрысты, якія вучылі адны і тыя ж законы, дзейнічаюць па-рознаму?

Разважаючы аб тым, чаму частка юрыстаў абірае шлях ігнаравання прававых нормаў, Лепрэтар заўважае, што, з аднаго боку, гэта ўплыў сістэмы, у якую трапляе выпускнік ВНУ:

«Калі ты прыходзіш на сваю першую працу пасля ВНУ, табе кажуць: «Забудзь усё, чаму цябе вучылі. Вось ёсць практыка — і працуй у яе межах». І ты ў межах гэтай практыкі і існуеш прафесійна ў якасці суддзі ці пракурора».

З іншага боку, як даводзіць адвакат, істотную ролю адыгрывае страх — як за кар’еру, так і за захаванне матэрыяльнага дабрабыту: «У людзей крэдыты, іпатэкі».

«Плюс да ўсяго, калі ў цябе напрацаваная практыка па пэўных справах, табе думаць не трэба. Ты адкрываеш агляд судовай практыкі і разумееш, як табе вырашыць гэтую справу. Бываюць, вядома, нетыповыя выпадкі, якія выносяцца на ўзровень Вярхоўнага суда, але ў асноўным гэта накатаная практыка».

Адвакат заўважае, што судовая сістэма самаўзнаўляецца за кошт маладых кадраў — былых сакратароў ці памочнікаў, якія ўжо бачылі стыль працы сваіх папярэднікаў. Паводле слоў Лепрэтара, выпадкі пераходу з адвакатуры ў суддзі вельмі рэдкія, як і зваротны працэс.

Аднак, як падкрэслівае эксперт, калі былыя супрацоўнікі Следчага камітэта ці Дэпартамента фінансавых расследаванняў становяцца адвакатамі, пачынаецца самае цікавае:

«У іх адкрываюцца вочы, калі яны сутыкаюцца з рэальнымі людзьмі, якія прыходзяць на прыём са сваімі праблемамі і болем, і выказваюць ім гэтую несправядлівасць, якая адбываецца. І вельмі часта даводзіцца чуць: «Пры мне такога не было, я так не рабіў». Хоць мы ведаем, што і не так рабілі».

«Тэлефоннае права» і пракурорскія даведкі

Адносна «тэлефоннага права», калі суддзям дыктуюць неабходнае рашэнне, Лепрэтар заўважае: «Не без гэтага». Паводле яго слоў, асабліва відавочна гэта стала ў 2020 годзе:

«Калегі казалі рознае пра тое, як выносіліся ў тым ліку пастановы па адміністрацыйных правапарушэннях. Недзе там аловачкам пазначана, нешта вось гэта…»

Як заўважае Лепрэтар, дзяржаўныя абвінаваўцы максімальна палягчаюць працу суддзі: па кожнай справе рыхтуецца даведка, якая потым праз функцыю «скапіяваць — уставіць» пераходзіць у тэкст прысуду. Пытанне часта застаецца толькі ў лічбах пасля слова «прысудзіў».

Дзмітрый Лепрэтар. Скрын відэа: TOK_talk / YouTube

Чаму ў Беларусі мізэрная колькасць апраўдальных прысудаў?

Хранічнай праблемай беларускай судовай сістэмы застаецца адсутнасць апраўдальных прысудаў. Паводле слоў Лепрэтара, на гэта ўплывае такі паказчык, як «працэнт зацвярджальнасці» рашэнняў у апеляцыі. Калі суддзя выносіць апраўдальны прысуд, гэта можа стаць падставай для дадатковай праверкі яго кваліфікацыі, пасля якой ён можа «проста перастаць быць суддзёй».

Лепрэтар акцэнтуе ўвагу на тым, што судовая сістэма Беларусі не з’яўляецца незалежнай. У дэмакратычнай краіне суд — гэта паўнавартасная трэцяя галіна ўлады. У Беларусі ж існуе велізарная залежнасць ад выканаўчай вертыкалі: усе суддзі прызначаюцца ўказам прэзідэнта на пэўны тэрмін.

«Кожны суддзя разумее, што тэрмін перапрызначэння падыходзіць, а ці перапрызначаць цябе — вялікае пытанне. А ці пасунуць цябе далей па кар’ернай лесвіцы? (…) Зразумела, што да Вярхоўнага суда не ўсе дабіраюцца, але існуе пэўная ратацыя — каго і куды».

Як даводзіць адвакат, пажыццёвае прызначэнне магло б стаць адной з гарантый незалежнасці. Тады чалавек будзе разумець, што за «нязручнае» рашэнне яго не пазбавяць пасады праз некалькі гадоў.

Апраўдальны прысуд і помста адвакату

Адным з самых рэзанансных выпадкаў вынясення апраўдальнага рашэння была справа галоўнага інжынера МЗКЦ Андрэя Галавача, якому выстаўлялі 35 эпізодаў атрымання хабару. Пасля апраўдання па крымінальнай справе ён быў адразу затрыманы ў зале суда ў межах новай справы, якая ў выніку таксама скончылася апраўдальным прысудам. У суме мужчына адседзеў чатыры гады ў СІЗА.

Як згадвае Лепрэтар, супрацоўніка МЗКЦ абараняла адвакатка Вера Арэшка, якая ў той час была намесніцай старшыні Мінскай гарадской калегіі адвакатаў. Пасля апраўдальнага прысуду па першай справе сілавікі прыйшлі да яе самой і пачалі пераслед за нібыта знойдзены пры ператрусе пісталет.

«Гэта быў відавочны наезд на яе праз апраўдальны прысуд і спроба выбіць яе з другой крымінальнай справы альбо запужаць іншых адвакатаў», — выказвае сваё меркаванне юрыст.

На пытанне, як у выніку Веры Арэшцы ўдалося адбіцца, Лепрэтар заўважае, што дакладна не ведае, але мяркуе, што пытанне вырашалася на самым высокім узроўні:

«Рэспубліканская калегія адвакатаў выходзіла на ўзровень або Адміністрацыі прэзідэнта, або Генеральнай пракуратуры».

Чытайце таксама:

Адвакат Дзмітрый Лепрэтар расказаў пра белыя плямы ў справе аб тэракце ў метро

Адвакат Канавалава, расстралянага за тэракт у метро, упершыню расказаў, што адбывалася падчас следства

Суд пакінуў без змены апраўдальны прысуд у дачыненні да галоўнага інжынера МЗКЦ

Каментары да артыкула