БЕЛ Ł РУС

У Мінску вясной высадзяць 50 тысяч куставых ружаў

15.01.2026 / 17:29

Nashaniva.com

У Мінску плануюць істотна пашырыць кветкавае азеляненне. Як паведаміў генеральны дырэктар УП «Мінскзелянбуд» Аляксандр Ермаловіч, у горадзе высадзяць як мінімум 50 тысяч куставых ружаў, а таксама павялічаць колькасць кветак на раздзяляльных палосах асноўных магістраляў.

Здымак ілюстрацыйны. Фота: freepik.com

Па яго словах, асновай развіцця гарадскога азелянення застаецца паэтапнае і комплекснае ўпарадкаванне паркаў, сквераў і бульвараў. Такая стратэгія будзе працягнутая і ў 2026 годзе, пры гэтым для кожнай тэрыторыі падбор раслін і малых архітэктурных формаў будзе індывідуальным.

У кветкавым афармленні, як і раней, плануецца скарачаць долю аднагадовых раслін. Калі ў 2021 годзе іх высаджвалі каля 2 мільёнаў, то ў 2025‑м — ужо 1,4 мільёна. На 2026 год запланаваная высадка каля 1,2 мільёна аднагадовых і не менш за 100 тысяч шматгадовых раслін па ўсім горадзе.

Азеляненне раздзяляльных палос на галоўных дарогах таксама працягнецца. Спачатку там з’явіцца марозаўстойлівая віёла, у маі яе заменяць кантэйнеры са шматгадовымі кветкамі, а напрыканцы сезона — хрызантэмы.

Акрамя ружаў, у Мінску стане больш і гартэнзій — плануецца высадзіць каля 10 тысяч гэтых кустоў, што, паводле слоў кіраўніка прадпрыемства, павінна надаць гораду яшчэ больш яскравых фарбаў.

Чытайце таксама:

На паперы высаджана 400 кустоў, на месцы — ніводнага. Сілавікі ўзяліся за азеляненне ў гарадах

Забудоўшчык распавёў, што пабудуюць у «Паўночным беразе» ў найбліжэйшыя гады

Новыя падыходы ў азеляненні? Мінчукі бурна абмяркоўваюць клумбы каля мінскай «Галерэі»

Каментары да артыкула