БЕЛ Ł РУС

У Беларусі пачалі рыхтавацца да кланавання хатніх жывёл

15.01.2026 / 23:47

Nashaniva.com

У пачатку 2026 года ў Інстытуце біяфізікі і клетачнай інжынерыі НАН Беларусі стартавалі даследаванні ў галіне малекулярнай біялогіі і біятэхналогіі клетак, звязаныя з тэмай кланавання, паведамілі ў Нацыянальнай акадэміі навук.

Здымак ілюстрацыйны. Фота: vecteezy.com

Праект рэалізуецца ў межах дзяржаўнай навуковай праграмы «Геном, малекула і клетка», таму фінансуецца з бюджэту.

Навуковая праца, прысвечаная атрыманню плюрыпатэнтных клетак і жаночых гамет з донарскім ядром, павінна стаць асновай для стварэння ўласнай беларускай платформы па кланаванні хатніх улюбёнцаў.

Пры гэтым навукоўцы падкрэсліваюць, што іх зацікаўленасць не абмяжоўваецца толькі камерцыйнымі мэтамі. У перспектыве плануецца захаванне рэдкіх парод жывёл, а таксама стварэнне ліній эмбрыянальных ствалавых клетак, якія можна будзе выкарыстоўваць у навуковых і дыягнастычных даследаваннях.

Калі менавіта ў Беларусі з’явіцца паслуга кланавання хатніх жывёл, у інстытуце пакуль не паведамляюць. Яе кошт таксама не называецца. Аднак вядома, што ў іншых краінах такія паслугі ўжо даступныя і каштуюць вельмі дорага.

Напрыклад, у Расіі мінімальная цана кланавання хатняй жывёліны складае каля 4 мільёнаў расійскіх рублёў (каля 52 тысяч даляраў)— з улікам збору біяматэрыялу і дастаўкі жывёлы ўладальнікам. Сусветныя лідары рынку — амерыканская кампанія ViaGen Pets і кітайская Sinogene — просяць прыкладна 50 тысяч даляраў за кланаванне сабакі, ад 30 да 50 тысяч — за ката і каля 85 тысяч даляраў — за каня.

Рынак кланавання жывёл хутка развіваецца, таму не выключана, што да моманту запуску беларускай платформы цэны стануць ніжэйшымі, хаця гарантый гэтага пакуль няма.

Чытайце таксама:

Вядомы амерыканскі спартовец паведаміў, што ягоны новы сабака — клон старога

Навукоўцы адрадзілі вымерлую жывёліну без кланавання. Якім чынам ім гэта ўдалося?

Брытанская лабараторыя прапануе паслугі па кланаванні хатніх гадаванцаў

Навукоўцы аб'явілі пра прагрэс у адраджэнні маманта. Але навошта яго адраджаць?

Каментары да артыкула