БЕЛ Ł РУС

Віктар Марціновіч прэзентаваў у Вільні навуковую кнігу, у аснове якой — яго сямейная гісторыя

16.01.2026 / 13:36

Nashaniva.com

У пачатку 2026 года ў Вялікай Брытаніі выйшла кніга пісьменніка Віктара Марціновіча «Беларусь у аўтаэтнаграфічных наратывах. Мастацтва міласэрнасці супраць забыцця». Прэзентацыя кнігі адбылася 15 студзеня ў Вільні, паведамляе Радыё Свабода.

«Пакуль і сам не ведаю, які наклад. Маю на руках адзін асобнік», — казаў Віктар Марціновіч пасля прэзентацыі, калі ставіў аўтографы на сваіх ранейшых кнігах для прыхільнікаў яго творчасці. Іх у віленскім гатэлі Imperial сабралася цэлая зала.

Беларусы ведаюць Віктара Марціновіча як аўтара некалькіх раманаў, аднак гэтым разам ён абраў іншы жанр.

«Гэта не мастацкая літаратура і не нон-фікшн, гэта манаграфія, навуковая літаратура. Але пад навуковасцю я разумею не тое, што агульнапрынята. Паводле адукацыі я гісторык мастацтва і вырашыў выкарыстаць свой багаж ведаў пра мастацтва ў расповедзе пра дом, сям’ю, краіну, яе гісторыю, у якой ёсць і тэрор, і ахвяры, і міласэрнасць», — сказаў Марціновіч на прэзентацыі.

Сямейная гісторыя, расказаная аўтарам, трагічная і захапляльная адначасова. Яна пачынаецца з таго, што дзевяцігадовы хлопчык Віця ў бабулінай хаце ў вёсцы Барбарове пад Глускам знайшоў за печчу рэч, якая, як высветлілася, была звязаная з лёсам яго прадзеда Амяльяна Марціновіча. Спачатку бабуля нічога не расказала ўнуку ні пра гэтую знаходку, ні пра прадзеда.

Але яшчэ праз пяць гадоў Віктар у сямейным архіве ўбачыў фотаздымак, датаваны 1911 годам. На ім — чацвёра вайскоўцаў у акуратнай форме і начышчаных ботах. Сярод іх — прадзед Амяльян Марціновіч.

Прадзед, Амяльян Марціновіч (злева)

« 157‑ы полк імператарскай арміі. Вось, пазначана на пагоне», — звярнуў увагу пісьменнік на важную дэталь падчас прэзентацыі, якую суправаджаў слайдамі карцін і сямейных фотаздымкаў.

Цяпер Віктар Марціновіч ведае, што полк, у якім служыў яго прадзед, дыслакаваўся ў Бабруйскай фартэцыі. Але ў юнацтве ён зноў пачуў ад бабулі рашучае: «Табе нічога не трэба ведаць!»

Часта толькі ў сталым узросце становіцца зразумела, чаму старэйшыя хаваюць ад дзяцей сямейныя гісторыі. Выявілася, што знойдзеная за печчу дзедава паляўнічая стрэльба ледзь не стала зброяй для забойства чалавека, праз якога загінуў прадзед Амяльян Марціновіч. Як гэта адбылося, аўтар таксама распавядае ў сваёй кнізе.

Гаворка ідзе пра 1943 год. У вёску ўварваліся нацысцкія карнікі і загадалі падлетку назваць мясцовых жыхароў, звязаных з партызанамі. Хлопец спалохаўся і наўгад назваў пяць імёнаў, у тым ліку Амяльяна Марціновіча. У той жа дзень усіх адвезлі ў Глуск, у мясцовае СД, і ўзялі ў закладнікі.

Вясковыя, набраўшыся смеласці, пайшлі ў Глуск да немцаў прасіць за землякоў, сцвярджаючы, што тыя ні ў чым не вінаватыя. Паводле ўспамінаў, адзін з нямецкіх служачых нібыта нават паспачуваў, але толькі развёў рукамі: «Што зробіш — вашых ужо расстралялі», — распавёў Марціновіч на прэзентацыі.

Кропку ў гэтай гісторыі паставіў 1963 год. Тады, адбыўшы 15 гадоў пакарання за здраду, з лагера вярнуўся той самы чалавек, якога ў 1943‑м карнікі прымусілі агаварыць пяцёх жыхароў вёскі, у тым ліку Амяльяна Марціновіча. У гэты момант дзед Віктара дастаў са схованкі стрэльбу і ўжо збіраўся ісці, але яго спыніла бабуля.

Дзед быў ветэранам, і слова «заб’ю» азначала, што ён сапраўды гатовы гэта зрабіць. Але бабуля закрычала:

«Сам вырас без бацькі — і дзяцей хочаш пакінуць сіротамі? Не пушчу».

Гэтую сямейную гісторыю мастацтвазнаўца Віктар Марціновіч у сваёй кнізе суправаджае развагамі пра творы мастакоў Адраджэння — Рафаэля Санці і Батычэлі, а таксама сучаснікаў апісаных падзей — Юдаля Пэна, яго вучня Марка Шагала і іншых выбітных творцаў, якія ўзбагацілі сусветную культуру не толькі карцінамі, але і ўласным жыццём, досведам, думкамі і перажываннямі.

Кніга выйшла на англійскай мове ў выдавецтве Routledge (Оксфард). Яе можна набыць на пляцоўцы Amazon — кошт складае каля 200 еўра. Таксама кнігу можна замовіць для чытання ў Нацыянальнай бібліятэцы Літвы.

У бліжэйшай будучыні Віктар Марціновіч плануе выдаць новую мастацкую кнігу — раман «Глыбіня».

«Гэта будзе раман пра тое, што мы ўсе цяпер перажываем», — адзначыў аўтар.

Віктар Марціновіч — пісьменнік, журналіст, выкладчык. Аўтар кніг «Параноя», «Сцюдзёны вырай», «Сфагнум», «Мова», «Возера радасці», «Рэвалюцыя», «Ноч».

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула