БЕЛ Ł РУС

Дальнабойшчык з Брэста за кантрабанду ў 3,5 мільёнаў даляраў сеў у турму ў Вялікабрытаніі

17.01.2026 / 18:36

Nashaniva.com

34‑гадовы дальнабойшчык з Брэста Андрэй С. трапіў у турму ў Вялікабрытаніі за кантрабанду цыгарэт на суму каля 3,5 мільёнаў даляраў. Ён перавозіў тавар у прычэпе, маскіраваным пад запчасткі для аўтамабіля Bentley, але груз не даехаў да атрымальніка — яго спынілі ў порце Дуўра, піша выданне «Першы».

Партыя кантрабандных цыгарэт, знойдзеная ў трэйлеры грузавіка ў порце Дуўра. Фота: HMRC

Падчас праверкі супрацоўнікі памежнай службы заўважылі падазроную дэталь на мацаванні нумарнога знака — кабельную сцяжку. Гэта прывяло да больш пільнага агляду грузавіка, падчас якога знайшлі сістэму нумароў, якія можна было перакручваць.

Механізм дазваляў мяняць рэгістрацыйныя даныя (былі два камплекты нумароў: польскага горада Лукава і Варшавы), каб абыходзіць кантроль і камеры відэаназірання.

Смартфон з пабітым экранам — адна з прылад, якія кіроўца спрабаваў знішчыць пасля затрымання. Фота: HMRC

У прычэпе знайшлі 6 349 800 цыгарэт розных марак, дакументы порта і падробленыя нумары. Агульная шкода брытанскаму бюджэту ад такой кантрабанды ацэньваецца ў суму каля 2,7 мільёна фунтаў стэрлінгаў (каля 3,5 мільёнаў даляраў). У кабіне грузавіка таксама былі пашкоджаныя тэлефон і планшэт (іх спрабаваў знішчыць сам кіроўца), чатыры SIM-карты і тахограф, а таксама рукапісная запіска з дадатковым нумарам і пломбы для маскіроўкі адтулін. Судовая экспертыза пацвердзіла, што адбіткі пальцаў Андрэя С. былі на механізме з нумарамі, якія круціліся.

Разгляд справы адбываўся ў Каралеўскім судзе горада Мэйдстана. Суддзя адзначыў, што хоць асноўная адказнасць і ляжыць на арганізатарах схемы, сам дальнабойшчык таксама дзейнічаў з матываў асабістай карыслівасці. Спроба падчас праверкі грузу знішчыць сродкі сувязі была ўлічаная як абцяжвальная акалічнасць.

Адвакат прасіў змякчыць пакаранне, адзначаючы, што Андрэй раней не меў судзімасцяў, ён муж і бацька трох дзяцей, а сям’я застаецца ў Беларусі.

Спачатку Андрэй не прызнаў віну, але пазней змяніў пазіцыю. 10 студзеня 2026 года яго асудзілі на два гады і сем месяцаў турмы без права на абскарджанне, фактычна больш за год ён правядзе ў зняволенні. Пасля вызвалення ён застанецца пад наглядам і можа быць высланы з краіны.

Чытайце таксама:

Колькі каштуе пачаць працаваць дальнабойшчыкам у Еўропе. Спойлер: не танна

У Польшчы адразу двух беларускіх дальнабойшчыкаў злавілі п'янымі за рулём

«Мігранты залезлі ў прычэп, пакуль калега заязджаў на паром». Беларускі дальнабойшчык расказаў пра рызыкі працы ў Еўропе

Каментары да артыкула