«Make America Go Away». Дзясяткі тысяч людзей у Грэнландыі і Даніі выйшлі на акцыі супраць ЗША
У суботу, 17 студзеня, у Грэнландыі і Даніі прайшлі маштабныя пратэсты супраць патрабаванняў прэзідэнта ЗША Дональда Трампа перадаць востраў пад амерыканскі кантроль. Удзельнікі акцый заявілі пра гатоўнасць змагацца за сваю свабоду і патрабавалі павагі да свайго права самастойна вызначаць будучыню краіны.
Фота: Sean Gallup / Getty Images
У сталіцы Грэнландыі Нууку прайшла самая масавая акцыя ў гісторыі вострава, якую ўзначаліў прэм’ер-міністр Енс-Фрэдэрык Нільсэн.
Тысячы людзей з нацыянальнымі сцягамі прайшлі маршам да консульства ЗША, скандуючы «Kalaallit Nunaat» (назва вострава на грэнландскай мове) і трымаючы плакаты «Грэнландыя не прадаецца».
Фота: Martin Sylvest Andersen / Getty Images
Шматлікае шэсце адбылося ў Капенгагене, дзе на вуліцы выйшлі больш за 20 тысяч чалавек. Пратэстоўцы трымалі лозунгі «Не значыць не» і «Рукі прэч ад Грэнландыі».
Асобную ўвагу прыцягнулі ўдзельнікі ў чырвоных кепках, якія парадзіравалі стыль прыхільнікаў Трампа, але з надпісам «Make America Go Away».
Фота: Martin Sylvest Andersen / Getty Images
Пратэстоўцы падкрэслілі, што Грэнландыя не з'яўляецца таварам, а яе будучыню павінны вызначаць самі жыхары.
Дональд Трамп паабяцаў падняць мыты для еўрапейскіх краін да 25%, калі пагадненне аб куплі вострава не будзе дасягнута да чэрвеня.
ЕС склікае экстраннае пасяджэнне паслоў праз тарыфную вайну Трампа за Грэнландыю. Паслы 27 краін ЕС збяруцца ў нядзелю на экстранную нараду ў сувязі з гэтым.