На пажары пад Магілёвам загінулі чатыры чалавекі
Позна ўвечары гарэў адкрытым полымем дом у вёсцы Вялікае Хонава. Ратавальнікі знайшлі ў адным з пакояў чатыры трупы.
17 студзеня ў 23:42 мясцовыя жыхары паведамілі ратавальнікам пра пажар у прыватным жылым доме ў вёсцы Вялікае Хонава.
Калі ратавальнікі прыехалі, дом гарэў адкрытым полымем, стварылася шчыльнае задымленне.
У адным з пакояў работнікі МНС знайшлі чатырох загінулых.
Як паведамляе СК, папярэдне, сярод загінулых — 65‑гадовы мужчына, яго дачкі (29 і 33 гады), а таксама 30‑гадовы жыхар суседняй вёскі. Яшчэ адна жанчына, 61‑гадовая гаспадыня дома, здолела самастойна выбрацца з агню.
Паводле папярэдніх звестак следства, напярэдадні ў доме праходзіла застолле з нагоды вяртання знаёмага дачок, які нядаўна прыехаў з заробкаў. У дзень трагедыі загінулыя набылі ў мясцовай краме спіртныя напоі і свечкі — электрычнасць у доме была адключаная за нявыплату.