БЕЛ Ł РУС

Слава Камісаранка падаўся на міжнародную абарону ў Польшчы

18.01.2026 / 13:47

Nashaniva.com

Беларускі папулярны комік Слава Камісаранка ў адным са сваіх апошніх стэндапаў распавёў, што падаўся на міжнародную абарону ў Польшчы.

Слава Камісаранка. Скрыншот: ютуб-канал коміка

Пару гадоў таму Камісаранка атрымаў талент-візы ў ЗША і Вялікабрытанію. З легалізацыяй у іншых краінах узнікалі складанасці.

«Нямецкі консул мне адмовіў у гуманітарнай візе, бо не лічыць, што мне небяспечна ехаць у Расію ці Беларусь, а ў Іспаніі мне не далі легалізаваць мае сродкі, таму што, мабыць, гэта брудныя бабкі за брудныя жарты. Увогуле, у нейкі момант па дакументах быў адзіны варыянт — гэта ехаць у Беларусь і здавацца «Чык-чырыку». Вось там я і па дакументах праходзіў, і па тэрмінах мяне чакалі — ідэальна!» — жартаваў Камісаранка ў сваіх відэа.

Прычым талент-віза ў ЗША далася яму таксама няпроста: давялося сабраць шмат рэкамендацый і водгукаў пра творчыя поспехі, якія па выніку занялі 600 старонак. Таксама трэба было даказаць, што ў ЗША ў Камісаранкі сапраўды будзе праца — у выпадку коміка гэта быў графік з гастролямі.

«Цяпер, па-мойму, яны [талент-візы] ужо не дзейнічаюць, мне там усё паанулявалі», — расказаў гумарыст падчас свайго нядаўняга выступу.

Агулам ён разглядаў тыя візы найперш для магчымасці пашырэння геаграфіі гастроляў. Цяпер комік зноў паспрабуе легалізавацца ў Польшчы, і ўжо падаўся на міжнародную абарону. Хаця адна з глядачак параіла яму не чакаць разгляду справы, а адразу напісаць на імя польскага прэзідэнта і папрасіць грамадзянства на падставе папулярнасці і наяўнасці гумарыстычнага таленту.

Нагадаем, летась МУС Беларусі ўнёс Камісаранку ў спіс «экстрэмістаў», а пазней і «тэрарыстаў». На радзіме ён за свае жарты ў адрас Лукашэнкі быў завочна асуджаны да 6 гадоў зняволення. Па ініцыятыве ФСБ ён таксама быў пазбаўлены расійскага грамадзянства.

Чытайце таксама:

«Іх шукае міліцыя». У Мінску на стэндах з’явіліся фоты Славы Камісаранкі і Сяргея Міхалка

Былая жонка Камісаранкі расказала, чаму схавала ад яго сваё мінулае вэбкам-мадэлі

Найлепшыя беларускія стэндаперы — хто яны?

Каментары да артыкула