Трамп патрабуе па мільярдзе долараў ад краін за пастаяннае членства ў Радзе міру, якую ён стварае. Старшынёй будзе ён сам
Дональд Трамп прапануе дзяржавам набываць пастаяннае месца ў сваёй новай міжнароднай структуры — Радзе міру — за мільярд даляраў. Гэтая ініцыятыва ўжо выклікала хвалю крытыкі ва ўсім свеце.
Дональд Трамп. Фота: AP Photo / Alex Brandon
Адміністрацыя Трампа распрацавала праект статута новай арганізацыі, якая, імаверна, закліканая стаць альтэрнатывай ААН. Згодна з праектам, што апынуўся ў распараджэнні Bloomberg, прэзідэнт ЗША плануе не толькі асабіста ўзначаліць гэтую структуру, але і ўвесці беспрэцэдэнтны фінансавы цэнз для яе ўдзельнікаў.
Згодна з праектам, звычайны тэрмін сяброўства ў Радзе складзе тры гады. Аднак дзяржавы, якія жадаюць атрымаць пастаяннае месца, павінны будуць зрабіць унёсак у памеры не менш за 1 мільярд долараў наяўнымі на працягу першага года працы арганізацыі. Прадстаўнік амерыканскай адміністрацыі пацвердзіў гэтую інфармацыю, адзначыўшы, што сабраныя сродкі пойдуць наўпрост на аднаўленне сектара Газа.
Статут арганізацыі надзяляе Дональда Трампа як старшыню практычна неабмежаванай уладай. Хоць рашэнні фармальна будуць прымацца большасцю галасоў, кожнае з іх патрабуе асабістага зацвярджэння старшынёй. Трамп будзе самастойна вызначаць спіс запрошаных краін, прызначаць сабе пераемніка і нават зацвярджаць афіцыйную пячатку арганізацыі.
Ініцыятыва ўжо сустрэла жорсткі адпор. Прэм’ер-міністр Ізраіля Біньямін Нетаньяху заявіў, што планы па пасляваенным уладкаванні Газы не былі ўзгодненыя з яго краінай. Еўрапейскія лідары, у сваю чаргу, лічаць непрымальным тое, што кантроль над фінансамі арганізацыі будзе ў руках аднаго чалавека. Шэраг краін ЕС рыхтуе калектыўны пратэст супраць стварэння гэтай структуры, якую многія ўспрымаюць як спробу Трампа падарваць аўтарытэт ААН.