Жыгар і Лосік тлумачаць Калеснікавай, чаму яе ідэя пра перамовы Еўропы з Лукашэнкам — так сабе
Стрыжак і Лябедзька таксама выступаюць супраць.
Марыя Калеснікава. Photo by Soeren Stache picture alliance via Getty Images
Беларускія палітыкі і грамадскія дзеячы ў эміграцыі адрэагавалі ў сацсетках на першае інтэрв'ю Марыі Калеснікавай. Былая палітзняволеная заклікала еўрапейскіх лідараў шукаць збліжэння з Аляксандрам Лукашэнкам.
Уладзімір Жыгар
«Цікава і абсалютна прадказальна. Хтосьці растлумачыў бы ёй, што рэжым Лукашэнкі з’яўляецца саўдзельнікам вайны. Або як там у іх гэта называецца — «СВА».
Што на тэрыторыі нашай краіны арганізоўваліся фільтрацыйныя лагеры; паветраная прастора, гэтаксама як і тэрыторыя, былі прадастаўленыя для ўварвання і нанясення ўдараў па Украіне; эканоміка цалкам мілітарызаваная і пастаўляе зброю і боепрыпасы акупантам.
Хаця, вядома ж… вядома ж, яна ўсё гэта ведае. Гэта проста такая пазіцыя. Далей будзе акт пад назвай «суседзяў не выбіраюць» і «калі Амерыка не грэбуе, дык чаму мы тут выкручваемся».
Ігар Лосік
«Перамовы з Лукашэнкам — гэта, вядома, цудоўна, але колькі іх ужо было за апошнія 30 гадоў? Праз пару гадоў пасля «пацяпленняў» ён зноў разрывае ўсе адносіны і пачынае рэпрэсіі. І з кожным разам больш жорсткія.
У пачатку 2020 года ён абдымаўся з Пампеа, а ўжо праз шэсць месяцаў я з камеры чуў выбухі гранат і чэргі з аўтаматаў. Пара ўжо ўсвядоміць, што ён разумее толькі сілу. А гэтыя «пацяпленні» — часовыя, яны ні да чаго не вядуць і толькі ўмацоўваюць Лукашэнку ў думцы, што еўрапейцы слабыя і што ён у любы момант можа зноў іх кінуць, і яму за гэта нічога не будзе — пад яго прагнуцца.
Яго цікавіць толькі ўласнае эга, і ён гатовы абмяняць тысячу зняволеных нават не на зняцце санкцый і не на наладжванне адносін з Еўрасаюзам. Яму гэта нецікава. На перамовах з амерыканцамі ён выстаўляў самую банальную просьбу, пры выкананні якой гатовы выпусціць усіх палітычных. На жаль, я не магу расказаць, якую менавіта. Але вы зусім не здзівіцеся, калі гэта адбудзецца».
Андрэй Стрыжак
«Чаму Еўрасаюз не вядзе перамовы з Мінскам?
Адказ на пытанне, што турбуе Марыю Калеснікаву, вельмі просты: бо афіцыйны Мінск ёсць хаўруснікам імперскай Расіі, што вядзе захопніцкую вайну супраць Украіны, што бароніць агульнаеўрапейскія інтарэсы.
І чым слабейшыя агульныя пазіцыі гэтага хаўруса (санкцыі, абмежаванні, зніжэнне таваразвароту і гэтак далей), тым менш у агрэсараў сродкаў для вядзення вайны, тым даражэй яна ім абыходзіцца.
І чым даўжэй Украіна бароніць сябе, тым пазней Марыі давядзецца хавацца ў бамбасховішчы пад Берлінам».
Анатоль Лябедзька
«Маша, для таго каб зразумець, чаму «Еўропа не распачала перамовы з Лукашэнкам раней за ЗША», патрэбна, па-першае, ведаць гісторыю адносінаў Брусэля і Мінска. Па-другое, разумець стаўленне еўрапейцаў да расійскай агрэсіі ва Украіне. І трэцяе, ведаць прыроду і сутнасць беларускага рэжыму.
Калі гэтага няма, то [канструктар] «Лега» не складваецца».