Малдова распачала працэс выхаду з СНД
Міністэрства замежных спраў Малдовы пачало юрыдычныя працэдуры, неабходныя для поўнага спынення ўдзелу краіны ў СНД. Пра гэта паведаміў міністр замежных спраў Міхай Папшой у эфіры нацыянальнага радыё Radio Moldova.
Здымак ілюстрацыйны. Фота: Artur Widak/NurPhoto via Getty Images
Са слоў міністра, для канчатковага выхаду ягонай краіне неабходна дэнансаваць тры асноўныя дакументы, на якіх грунтуецца Садружнасць: пагадненне аб яе стварэнні 1991 года, пратакол да яго і Статут СНД, прыняты ў 1993 годзе. Пасля гэтага Малдова афіцыйна перастане быць членам арганізацыі. Папшой адзначыў, што гэтае рашэнне было прынята нядаўна і працэс ужо ідзе.
Праекты дакументаў аб дэнансацыі плануецца вынесці на разгляд парламента пасля пачатку новай сесіі. Чакаецца, што ўся працэдура можа закончыцца да сярэдзіны лютага 2026 года.
Гэты крок стаў працягам курсу Малдовы на паступовае аддаленне ад структур СНД. Яшчэ ў лістападзе 2025 года ўрад ухваліў выхад з шэрагу галіновых пагадненняў, а парламент пачаў разглядаць дэнансацыю ключавых дамоўленасцяў, якія тычыліся бязвізавага рэжыму і падатковых прынцыпаў у гандлі.
З 2022 года краіна фактычна не ўдзельнічае ў пасяджэннях органаў СНД. У 2023 годзе Малдова таксама пачала працэдуру выхаду з Міжпарламенцкай асамблеі СНД і адмовілася ад некаторых іншых пагадненняў.
Рашэнне ўладаў адпавядае курсу Кішынёва на еўрапейскую інтэграцыю: Малдова мае статус кандыдата на ўступленне ў Еўрапейскі Саюз.
Чытайце таксама:
Мая Санду выступіла за аб'яднанне Малдовы з Румыніяй
Улады Малдовы вырашылі закрыць «Рускі дом» у Кішынёве
Пяскоў папярэдзіў Малдову аб паўтарэнні памылак «адной дзяржавы»
Малдова паказала, як Пуціну і Лукашэнку можна даваць па зубах і ў гібрыднай вайне